Вялікія белыя чаплі ((Egretta) Ardea alba) адрозніваюцца ад шэрых (Ardea cinerea) не толькі афарбоўкай апярэння і назвай, бо звычайна і палююць інакш. Шэрыя чаплі больш спадзяюцца на чаканне і нешта вялікае, што ў выніку атрымаецца злавіць. Белыя ж нашмат часцей выкарыстоўвываюць актыўны пошук і не грэбуюць нават дробнай здабычай, хаця не горш за шэрых умеюць - і могуць - застываць у нязручным становішчы перад атакай.
Так было і ў гэты раз ля вострава на Нёмане. Пасля таго, як вялікая белая чапля прагаладалася, яна ўжо з валуна, на якім адпачывала, пачала ўзірацца ў ваду перад сабой і хаця спачaтку нікога там злавіць не атрымалася, далей усё пайшло хутчэй. І першага злоўленага разам з пукам воднай расліннасці пячкура (Gobio gobio) не выратавала яго камуфляжная афарбоўка і невялікія памеры, як і наступнага за ім уюна (Misgurnus fossilis). На дзве паспяховыя атакі чаплі спатрэбіліся ўсяго 15 хвілін. А ўсё таму, што выдатны агляд зверху дазваляе ёй ўбачыць рухі і перамяшчэнні нават выдатна замаскаваных ахвяраў.
Нёман у Гродна, 03-09-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ