Дакументацыйныя здымкі і відэа
Я здымаў драздовых чаротавак у вусця Гараднічанкі, калі з-за расліннасці з другога боку рэчкі раптам выплыла качка з качанятамі. На секунду я прыняў яе за крыжанку, але хутка зразумеў, што гэта самка вялікага савука (Mergus merganser) з патомствам.
Качаняты стараліся трымацца мамы і шчыльна плылі чародкай за ёй, хаця рабіць гэта прыходзілася супраць плыні Нёмана. Час ад часу 2 ці 3е запрыгвалі на яе спіну. Так яны і ўплылі ў Гараднічанку, вусце якой зарасло свежай і густой расліннасцю. Але некалькі метраў далей расліннасці ўжо амаль не было і самка ўбачыла на абодвух берагах рэчкі рыбакоў, якія аказаліся зусім побач
Яна яўна запанікавала, бо сама заплыла ў лавушку і хутка развярнулася, уся кавалькада малых - за ёй. Часам яна нават бегла па вадзе каб хутчэй аддаліцца ад людзей і, што дзіўна, качаняты стараліся не адставаць!
Так даволі хутка яны пад вострым вуглом пераплылі Нёман і толькі пад тым берагам самка нарэшце супакоілася і стала паляваць, апускаючы галаву ў ваду і выглядваючы рыбу, а потым і нырала за ёй.
Ужо ў хаце на маніторы кампутара я налічыў 10 качанят, а таксама ўбачыў, што над дзюбай самкі ёсць светлая выцягнутая гарызантальна пляма - гэта ювенальная рыса, якая ёсць у птушанят савука (добра бачная нанекаторых здымках і ў малых), але пасля лінькі ў дарослае пяро, якая пачынаецца ўжо з восені першага году жыцця, яна знікае ў самак, тым больш - у самцоў. Чаму гэтак жа не адбылося з гэтай самкай - невядома. Але яе маладосць (атрымліваецца, што хутчэй за ўсё яна нарадзілася ў мінулым годзе) магла растлумачыць параўнальна позні для віда выпадак гнездавання - звычайна на Нёмане вывадкі вялікіх савукоў можна сустрэць ужо на прыканцы красавіка - у пачатку траўня.
Нёман у Гродна, 01-06-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 05.06.2022 - 09:16
Цікава, калі яна нырае,…
Цікава, калі маці нырае, птушаняты губляюць арыенціроўку, пужаюцца, а убачыўшы момант калі яна вынырнула, як малыя тарпедкі імчацца да яе. А як спрытна заскокваюць птушаняты ёй на спіну - як акрабаты!