Дакументацыйныя здымкі і відэа
Як толькі паспела насенне ў першых дзьмухаўцах, у горадзе стала выразна больш чорнагаловых шчыгелаў (C. carduelis). Для таго, каб зразумець гэта, зусім не абавязкова нават іх бачыць - шчыгелы адны з нямногіх нашых птушак, якія вельмі характэрна і ахвотна пасвістваюць у палёце ці калі сядзяць на дрэвах ці кустах.
У адрозненне ад іншых відаў насеннеядных, якія амаль заўсёды прылятаюць есці дзьмухаўцовае насенне ў парах, шчыгелы могуць прылятаць 'на абед' і большымі групамі, нават па некалькі асобін. І што ўжо мала характэрна для іншых відаў, могуць і ганяць адзін аднаго на дзьмухаўцах. А ў адным з найлепшых дзьмухаўцовых месцаў на беразе ракі я сёлета бачыў і пастаянныя сутычкі з удзелам не менш 5-6 шчыгелаў. Праўда, заканчваліся яны вельмі хутка - усё ж спелых парашуцікаў там было столькі, што побач са шчыгеламі і ў адрозненне ад апошніх спакойна, там харчаваліся яшчэ 4 віды птушак.
Не вельмі патрабуюць шчыгелы каб есці насенне дзьмухаўцоў і адкрытыя месцы - на верхніх здымках бачна, што калі насенне было знойзена нават сярод параўнальна высокай расліннасці, шчыгелы ахвотна будуць есці і яго, час ад часу высоўваючы галаву каб спраўдзіць што робіцца навокал. Часам здаецца, што шчыгелы як раз выбіраюць дзьмухаўцы побач з кустамі і дрэвамі - у выпадку небяспекі на іх галінах лягчэй перачакаць і потым хутка вярнуцца да спажывання 'парашуцікаў'.
Ну а каб пазнаць наколькі актыўна і як даўно той ці іншы шчыгел харчаваўся на дзьмухаўцах, не трэба нават сачыць за ім што і дзе ён есць, бо ўсю гэтую інфармацыю выдае колер яго дзюбы. Звычайна белаватая, ад соку дзьмухаўцоў яна чарнее і птушкі не заўсёды маюць час і жаданне яе цалкам ачышчаць. Таму яна хаця б часткова бела-чорная ці чорна-белая ў тых са шчыгелаў, хто сапраўды любіць дзьмухаўцы.
03 і 04.05.2023, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ