Дакументацыйныя здымкі і відэа
Натхнёны назіраннем Андрэя Барадзіна, які распавёў як вялікія сініцы ў Мінску дастаюць лічынак каштанавай молі-мінёра (Cameraria ohridella), я паспрабаваў нешта падобнае ўбачыць і на нашых конскіх каштанах (Aesculus hippocastanum) ў Гродна.
Заадно асвяжыў свае веды пра гэтую цікавую пару відаў-інтрадуцэнтаў. Калі конскія каштаны ў нас садзяць як мінімум некалькі дзесяцігоддзяў, то іх прыродны вораг - каштанавая моль-мінёр быў апісаны як новы від для навукі зусім нядаўна - толькі ў 1986 годзе! З таго часу, дзякуючы таму, што людзі рассадзілі яе асноўную ежу - каштаны - практычна па ўсёй Еўропе, гэты від пачаў каланізаваць наш кантынент і прасоўваўся ў сярэднім па 100 км у год. У Беларусі хутчэй за ўсё ўпершыню моль з'явілася на каштанах у 2000-01 гг і ў 2014 годзе закончыла каланізацыю краіны і ўпэўнена распаўсюджваецца далей на ўсход і на поўнач.
І хаця звычайна нашы птушкі або зусім не ядуць віды-інтрадуцэнты, або ядуць неахвотна, з маіх назіранняў вынікае, што два віды сініц, вялікая (Parus major) і сніяя (Cyanistes caeruleus) робяць гэта ахвотна ў адносінах да лічынак молі, прычым дастаюць іх рознымі спосабамі і даволі хутка:
Цікава, што большасць сініц, якіх я бачыў на розных каштанах, былі маладыя птушкі. Ці то гэта зусім нескладана рабіць самастойна ўжо маладым, ці то яны вельмі хутка вучацца розным прыёмам ад дарослых. Але гэтай ежы ў нашых гарадах столькі, што ніякім сініцам з ёй яўна не справіцца.
Гродна, 11-16.08.2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ