З сябрамі-калегамі з Чэхіі мы забраліся на вышку для назіранняў, якая стаіць амаль у цэнтры балота Дзікога (ТВП), недалёка ад дарогі, якая вядзе з Горадні ў Брэст.
Месца там няшмат, але мы змясціліся туды учацвярох з трыма трубамі і пачалі назіраць.
Не гледзячы на моцны вецер, атрымалася і пачуць, і паглядзець здалёк на вяртлявых чаротавак. Адэля выглядзела жоўтагаловую пліску, а потым Павео і пагоню самца пліскі за сарокай.
Але тое, што не патрабавала вялікага высілку і мы маглі назіраць праз увесь час знаходжання на вышцы было не менш цікавым і эксклюзіўным - харчаванне сям'і шэрых жураўлёў:
Дарослыя птушкі на невялікай адлегласці адзін ад аднаго (калі нехта з іх не знаходзіў нешта смачнае і тады затрымліваўся і адставаў ад іншых) шукалі і знаходзілі розных безхрыбетных - часцей, напэўна, насякомых. Але час ад часу было бачна нешта акруглае і цёмнае, - малюскі ў ракавінках - якіх яны неслі каб падзяліцца з двума птушанятамі.
Птушанят і іх колькасць было цяжка ўбачыць і вызначыць, бо толькі зрэдку яны ярка-рыжым пухам падымаліся галоўкамі на тонкіх шыйках над асакой.
Праз нейкі час бацькі то па-аднаму, а то і ўдваіх разгібаліся, выцягваліся і назіралі за наваколлем- ці няма побач некага небяспечнага?
Усё гэта адбывалася на нашых вачах - хочаш - глядзі ў трубу, здымай відэа ці фоты, а хочаш - у бінокль ці неўзброенымі вачыма...
Птушкі былі на бяспечнай адлегласці ад нас і не звярталі на нас увагі.
Так, у прыемных таварыстве жураўлінай сям'і і мінула не менш гадзіны нашых назіранняў.
А наперадзе чакалі прыгоды з барадатай кугакаўкай...
Жураўліная сям'я: гадзіна побач + VIDEO
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ