Птушкі ў дарозе...

     Назіраць птушак можна паўсюль - у праўдзівасці гэтага сцверджання я ўпэўніўся на днях. У мітусне дзён, на жаль, не заўсёды можна знайсці час, каб аддацца любімаму занятку і пайсці дзесьці на прыроду паназіраць птушак. Хуткасць сёняшняга жыцця захоплівае і паглынае. Аўтамабілі, цягнікі, аўтобусы, трамваі, метро і самалёты, камп'ютэры, офісы, супермаркэты, інтэрнет - усё гэта не спрыяе яднанню з прыродай.

    З ранку мы, яшчэ не прачнуўшыся добра, спяшаемся на працу ў аўтобусе-тралейбусе, на аўтамабілі ці метро. Даехаўшы, цэлы дзень ў памяшканні офісе-канторы. Пасля працы ў магазін і зноў ў аўто, дадому. Асабліва зімой, калі сонейка позна ўзыходзіць і рана спяшаецца схавацца за гарызонтам, амаль няма часу спыніцца, азірнуцца на наваколле.
І вось у адзін з такіх суматошных дзён, калі на працягу 6-7 светавых гадзін патрэбна было трапіць з маёй роднай вёскі Олтуш у Берасце, праз Чэрск, Дамачава, Тамашоўку, Ляплёўку, Медна ды яшчэ паспець у Берасці наведаць некалькі крамаў, устаноў і банкаў, я вырашыў паспрабаваць паназіраць птушак праз вокны аўтамабіля. Вельмі ўжо хацелася, як кажуць, “на прыроду”, а часу не было. 
     Старт каля 10 гадзіны раніцы з роднай вёскі, і першае спатканне – дразды-піскуны. Пара птушак у суседскім садзе асцярожна і ўважліва дзяўблі яблыка. Праязжаючы побач (у якіхсьці 7-8 метрах), вельмі добра разгледзеў птушак. І ўжо ў шкло задняга віду заўважыў, што былі яны не ў двух. Цэлая стая, штук можа з двадцаць, сарвалася за мною наўздагон з іншага боку вуліцы і далучылася да сваіх “каллег”. 
     Не спешна рухаючыся па вёсцы, заўважыў дзятла, які вынырнуў з саду леворуч ад дарогі і характэрным хвалепадобным палётам перасякаў мой шлях па дыяганалі наперадзе. Дзяцел спыніўся на ствале-калоне вялікіх таполяў, што растуць параскіданыя па вёсцы сям-там. Дакладна разгледзець афарбоўку альбо пачуць голас дзятла не ўдалося. Але мяркуючы па некаторых паводзінах, памерах і ведаючы, якія дзятлы часцей за ўсё сустракаюцца ў маёй вёсцы, з вялікай доляй верагоднасці можна сцвяржаць, што гэта быў сірыйскі дзяцел.
Пакінуўшы вёску, дарога мінала ўзлесак і праходзіла паміж палёў. Менавіта тут адбылося трэцяе спатканне, спатканне з чачоткамі. Птушкі шукалі ежу на ўскрайку дарогі і пры набліжэнні машыны падняліся ў паветра, зрабілі колькі мітуслівых колаў і зноў селі на дарогу. Праз некалькі кіламетраў пад'язжаючы да наступнай вёскі Заазёрная, на правадах электрычных слупоў заўважыў вялікага грычуна, які ўважліва разглядаў штосьці на полі. Ужо ў вёсцы, у месцы, дзе ад галоўнай дарогі адыходзіць другасная да фермы, заўважыў стайку палявых вераб'ёў. Птушкі мітусіліся ля скрыжавання, вышукваючы ежу з парастрасанага сена. Непадалёк, ля даволі крутога паварота дарогі, у невялікім вясковым садзе на сухой верхавіне грушы сядзелі чатыры кольчатыя туркаўкі. 
Наступнае спатканне адбылося, калі дарога праходзіла праз лес. Яшчэ здалёк заўважыў пару птушак сярэдніх памераў, што штосьці разшуквалі на дарозе. Птушкі падпусцілі даволі блізка і аказаліся сойкамі. Паміж вёскамі Яміца і Радзеж, зноў на дарозе, харчаваліся звычайныя стрынаткі, а за вёскай Хмялёўка на хмызняку сядзела сарока. Адразу за вёскай Чэрск, па дарозе важна расхажвалі дзве вялікія чорныя птушкі – крумкачы, штосьці разшукваючы і выдзёўбваючы з снегу. Улічваючы спецыфічныя кулінарныя ўпадабанні крумкачоў, можна меркаваць, што іншая жывая істота скончыла тут свой шлях. Пры маім набліжэнні крумкачы незадаволенна загаманілі і адляцелі на колькі дзесяткаў метраў, але пазней вярнуліся зноў на дарогу. 
    Далей шлях ішоў праз прыгожы сасновы бор, цалкам зацярушаны снегам. Снегу было так шмат, што нават кволыя маладыя сасонкі здаваліся тоўстымі, закутанымі ў беласнежныя ватныя пухавікі снегавымі бабамі. Кожная галінка здавалася ў трая таўшчэй, а верхавіны дрэў здалёк выглядалі невялікімі ўзгоркамі. Беласнежная, хаця і пачышчаная ад снегу, але вельмі слізкая дарога не дазваляла рухацца хутка. Таму была магчымасць агледзецца па баках з надзеяй заўважыць сякіх-такіх птушак – жыхароў сасновага лесу. І сапраўды праз колькі кіламетраў наперадзе, па левым баку дарогі мітусіліся невялічкія птушачкі. Было іх разам не менш за дзесятак. Але разгледзіць дакладна і вызначыць удалося толькі вялікіх сініц.
    Пасярод вёскі Тамашоўка ля прыстанку, на ўзбоччу, мітусліва бегалі жаўрукі-смецюхі – даволі частыя госці ў нашых мясцінах зімою. Найбольш цікавая сустрэча адбылася ля вёскі Ляплёўка. Мінаючы мост праз раку Капаюўку, заўважыў даволі вялікую чорную птушку з чырвонай шапкай на галаве. Чорная жаўна, праляцеўшы колькі метраў уздоўж ракі, села на старую, прагнілую алешыну, што расла на самым беразе, мацуючы яго сваімі каранямі, не дазваляючы рацэ выпраставаць шлях. Якім чынам гэта асцярожная лясная птушка трапіла ў цэнтр вёскі, невядома. Як кажуць: голад - не цётка.
     Паміж вёскамі Знаменка і Страдзечы праз вялікае поле, на захад, ляцеў касматаногі канюх, відавочна спяшаючыся кудысьці па сваіх драпежных птушыных справах. У ваколіцах Берасця стайка амялушак мітусілася па-над дачным пасёлкам. Ля пагранічнага пераходу «Варшаўскі мост» нарэшце сустрэў кавак і гракоў, што корпаліся ў снезе ля дарогі. Апошняе спатканне адбылося ў цэнтры Берасця - на скрыжаванні «Касмічнага» бульвару і вуліцы Машэрава. Стайка шызых галубоў мітусілася паміж высокімі дамамі, ці то грэючыся на марозе, ці то спалоханая якімсьці драпежнікам «двуногім» альбо крылатым.
    Такім чынам, за некалькі гадзін на прыкладна 100-кіламетровым шляху, не выходзячы з машыны, удалося адзначыць 18 відаў птушак. Здаваляся, не шмат, але зімою, ды з акна аўтамабіля - не так мала. Галоўнае – гэта тое, што птушак сапраўды можна назіраць паўсюль і пры любых абставінах.
Разам для птушак і людзей!

Андрэй Абрамчук, 
Заходне-Палесскае аддзяленне ГА АПБ
04.01.2010


 

Каментары

Збылася мая мара - штодзень можна чытаць пра цікавыя назіраньні і падарожжы сяброў і калег.

Рэпартаж выдатны - падабраць здымкі і можна ўстаўляць ў часопіс. Дзякуй, Андрэй, з мяне каляндар ад Bocian`a.

 Дзякуй вялікі )))

з самага пачатку дцмаў, што гэта напісаў pandion, чаму вельмі зьдзівіўся ))) 

але дачытаўшы да канца высвятлілася, што гэта Андрэй... што жа - будзем таксама з акна назіраць за птушкамі, дарэчы на днях з кухні ўбачыў птушку года - упершыню ў гэтым годзе ))

 і ў думках не было гэтага рабіць, проста pandion піша таксама класна, але інакш, па-свойму... ))) таму і быў зьдзіўлены.... ))