Тактыка шэрых курапатак – VIDEO

             Ідучы па ўзбочыне нядаўна засеяннага поля (ускраіна Горадні, Паўднёвы) за спіной пачуў трохі незвычайны пазыў нейкай птушкі. Голас быў падобны да голасу хутчэй нейкай чайкі, але з асаблівым адценнем і хутка абрываўся. Прыгледзеўшыся, убачыў, як на поле села чародка шэрых курапатак (8 штук). Пазней пабачыў і другую чародку, колькасцю каля 10 птушак. Доўга не затрымліваючыся на адкрытай прасторы, птушкі хуценька пебеглі да бліжэйшай апоры ЛЭП і схаваліся ў высахлай расліннасці ля яе.

Пачаў паціху набліжацца да апоры. Зноў чую той самы голас. Але на маё здзіўленне птушак там ужо не акзалася. А ўбачыў я іх ужо каля суседняй ЛЭП.  Пакуль набліжаўся, я стараўся не выпускаць тую апору з поля зроку, але птушкі неяк незаўважна перамясціліся. Як!? Як аказалася, усё дзякуючы добра наладжанай тактыцы!

Першае, што адразу кідалася ў вочы – адна з курапатак яўна была за вартаўнога. Яна адзіная магла выйсці на адкрытую прастору ля апоры, або амаль нерухома трымалася на высокім месцы ў зарасніку. Пакуль іншыя карміліся, або адпачывалі, “вартаўны” трымаў галаву ў гары і пільна аглядаўся навокал. Калі заўважаў нейкую небяспеку, падаваў іншым вышэй згаданы сігнал. Тады ўся кампанія як па камандзе ўздымалася і пачынала перамяшчэнне ў іншае, больш бяспечнае месца.

 Але як ім удавалася так незаўважна перамяшчацца праз адкрытую прастору поля паміж апорамі ЛЭП? І на гэта ў іх была свая хітрасць. Па-першае, канешне хуткасць іх бегу па зямлі. Тут і спартовец пазайздросціць! Па-другое, я мог бачыць толькі частку апоры ЛЭП, але што адбывалася за ёй, канешне не бачыў. Гэта яны відаць добра разумелі і тым карысталіся. Пакуль я падкраўся да апоры, яны паспелі з незаўважнага для мяне боку падбегчы да другой. А далей усё па той жа схеме.

Любы наземны драпежнік пэўна падкрадаўся бы да таго месца, дзе заўважыў здабычу, таму ў інтарэсах здабычы скарыстацца гэтым, каб уратавацца. Такая тактыка яшчэ апраўдана і тым, што на полі пакуль няма расліннасці, у якой можна схавацца ад драпежнікаў. Адзінае выйсце – трымацца ў сухіх зарасніках ля апораў ЛЭП, дзе ёсць хоць якая магчымасць схавацца, адпачыць, падсілкавацца.

А зверху за ўсімі гэтамі падзеямі пільна сачыў самец сокала-пустальгі. Але гэта ўжо другая гісторыя… 

Каментары