Тлустыя птушкі мігрыруюць хутчэй

    Тыя мігрыруючыя птушкі, якія маюць добрыя запасы тлушчу, робяць карацейшыя прыпынкі для адпачынку і харчавання ў параўнанні з больш худымі прадстаўнікамі свайго віду. Апошнія вымушаныя прыпыняцца для ўзнаўлення энергіі на больш працяглы час.

    Невялікія мігранты, такія як садовая леска (Sylvia borin), вымушаныя рабіць прыпынкі на сваім адваротным шляху з месцаў зімоўкі. Пад час міграцыі з Афрыкі, птушкі пераадольваюць цяжкія прыродныя перашкоды – напрыклад, пустыні або моры, пасля якіх яны прызямляюцца на нейкі час каб папоўніць страты энергіі. 
Даследчыкі з нямецкага Інстытуту орніталогіі Макса Планка ў Seewiesen і іх італьянскія калегі адлоўлівалі садовых лесак пад час міграцыі і мералі працягласць іх прыпынкаў на астравах ля італьянскага узбярэжжа.
На базе орнітолагаў на востраве Ventotene, дзесяць тлустых і дзесяць худых птушак былі забяспечаныя радыё-перадатчыкамі пасля таго, як лескі былі злоўленыя раніцай пад час іх міграцыі на поўнач. Затым навукоўцы праз роўныя прамежкі часу стараліся як мага даўжэй знаходзіць радыё сігналы, якія можна было запеленгаваць толькі ад птушак, якія ўсё яшчэ заставаліся на востраве.
      Вынікі, апублікаваныя ў часопісе Biology Letters, паказалі, што 9 з 10 тлустых птушак адляцелі з вострава ў тую ж ноч. Тады як худыя птушкі засталіся ў сярэднім на 40 гадзін і толькі потым працягнулі сваё падарожжа.
Гэта можа сведчыць аб тым, што працягласць падобных прыпынкаў галоўным чынам залежыць ад тлушчовых запасаў канкрэтных птушак, а не толькі ад знешніх фактараў (кірунку і сілы ветру або іншых умоў надвор’я) ці ўнутраных “гадзіннікаў” птушак.
      Вольфганг Гойманн (Wolfgang Goymann) з Інстытуту Макса Планка так пракаментаваў атрыманыя вынікі: "Мы лічылі, што большасць птушак, якіх мы адлавілі раніцай, толькі прыляцелі на востраў. Нават калі гэта было не заўсёды так, атрымалася, што тлустыя птушкі чакалі толькі на ноч, каб ляцець далей. А худыя лескі заставаліся да таго часу, пакуль не назапасяць дастаткова запасаў да наступнага прыпынку”.  
Даследаванне таксама паказала важнасць аптымальных месцаў для прыпынкаў мігрыруючых відаў.

Паводле www.birdwatching.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by