Кіпрыёты “запрацоўваюць” мільёны эўра, забіваючы мігрыруючых птушак

Арганізацыя BirdLife Cyprus (BirdLife на Кіпры) афіцыйна абвесціла, што ў мінулым 2008 годзе больш 1 мільёна ста тысяч дробных вераб’іных птушак было нелегальна забіта на востраве, каб запрацаваць на тых, хто ўжывае іх потым ў якасці афіцыйна забароненых страваў у мясцовых рэстаранах.

Кіпр ляжыць на зручным міграцыйным шляху многіх відаў птушак, і іх адлоў здаўна стаў шкоднай традыцыяй. У апошнія дзесяцігоддзі лаўцы птушак выкарыстоўваюць тонкія сеткі і адмысловы клей, якім абсмароўваюць галінкі дрэваў. Непакоіць тое, што ў апошнюю зіму актыўнасць лаўцоў птушак значна павялічылася і дасягнула самых вялікіх маштабаў за апошнія 5 гадоў, калі праводзіцца незалежны маніторынг іх дзейнасці.

Да 100 розных відаў птушак вядомыя як неселектыўныя аб’екты такога палявання, аднак найбольш пакутуюць ад паляўнічых дразды-спевуны Turdus philomelos або наватменшыя мігранты, такія як чорнагаловыя лескі Sylvia atricapilla. Пасля здабычы іхпрадаюць у мясцовыя рэстараны, дзе гатуюць “дэлікатэсную” страву пад назвай “ambelopoulia”, якую можна набыць па коштах ад 5 эўра.

Каментуючы сумныя лічбы, Марцін Гэллікар (Martin Hellicar), кіраўнік Birdlife Cyprus, сказаў: “Адлоў птушак вяртаецца як шырокамаштабная з’ява і непакоіць нас, і прычынай гэтаму ёсць тое ж, што і было заўсёды: вялікія грошы, якія зарабляюць на гэтым. І гэта будзе працягвацца так доўга, пакуль рэстаранам будзе дазволена парушаць закон”. Афіцыйна забороненае прыгатаванне ambelopoulia насамрэч шырока даступнае, бо ў мінулым годзе толькі 9 рэстаранаў атрымалі штрафы за яго прапанову кліентам.

Справаздача аб сытуацыі з мігрыруючымі птушкамі на востраве, якая была падрыхтаваная Birdlife Cyprus і RSPB, была атрымана Камітэтам па справах прыроды Рады Еўропы, Ўрадам Кіпру і Еўрапейскай Камісіяй.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Крыніца і здымак (малады маскіраваны грычун, прыклеены да галінкі): www.birdlife.org