Рэдкасці на міграцыі і не толькі: агляд назіранняў Клуба200 за ліпень і жнівень-2019

Сёлетняе цёплае лета забяспечыла не толькі актыўную міграцыю цікавых відаў і з поўначы, і з поўдня, але і …невялікую актыўнасць назіральнікаў. У ліпені было зроблена 18 паведамленняў пра назіранні 12 відаў са Спіса Клуба200, у жніўні – 30 паведамленняў пра 15 відаў. Усяго ж за ліпень і жнівень адзначаны 22 віды са Спіса Клуба.

Гэта параўнальна няшмат – у мінулым ліпені паведамленняў пра цікавыя назіранні было 28, але ў ліпені 2017 іх было толькі 7! Таксама менш актыўна атрымалася назіраць рэдкасці і ў жніўні – у мінулым годзе ў гэтым месяцы было атрымана 37 паведамленняў пра 20 відаў. Але гэта і так нашмат лепш за жнівень-2017, калі гэтыя лічбы былі адпаведна 23 і 9.

Пачнем, як звычайна, з найбольш цікавых назіранняў:

птушка

Наўрацці паведамленне і здымак (гл. вышэй) Дзьмітрыя Якубовіча (з наступнымі каментарамі пра назіранне гняздуючай пары апошнія мін 5 гадоў) пра палюючых маладых Сокалаў-падарожнікаў (Falco peregrinus) у Гродзенскім раёне можна лічыць дастатковым доказам гнездавання гэтага віду ў Беларусі, якога не адзначалі з 1973 году. Аднак большасць з нас, пэўна, узрадуе нават сам напамін пра магчымасць вяртання гэтага віду ў якасці гняздуючага ў нашу арнітафауну, бо за мінулыя больш чым 40 гадоў ён толькі зрэдку адзначаўся ў нас на пралёце і яшчэ радзей – на зімоўцы

Жаўтаногая чайка (Larus michahellis) упершыню была адзначана ў нашай краіне тры гады таму на звалцы пад Мінскам. Від параўнальна цяжкі для вызначэння, таму кропку ў тым, што гэта менавіта жаўтаногая чайка, атрымалася паставіць дзякуючы таму, што птушка займела каляровае кальцо ў Польшчы, дзе гнездавала і была дакладна вызначана:

птушка

Мінск, 06-08-2019. Здымак Аляксандра Пышко.

Цікава, што сёлета тая ж птушка, толькі на тыдзень раней, ізноў прыляцела ў Беларусь і дзякуючы каляроваму кальцу на здымку Аляксандра Пышко без праблем была вызначаная як жаўтаногая:

 

Далей успомнім усё ў больш сістэматычным парадку:

Чапля-кваква (Nycticorax nycticorax) – 2 птушкі былі адзначаныя 21. 07 на поўдні Брэстчыны.

Чырвоная чапля (Ardea purpurea) – апошнія тры гады ў другой палове лета рэгіструюцца, у асноўным, маладыя птушкі. Прычым сёлета да рыбгасаў у цэнтральнай частцы краіны, дзе чаплі адзначаліся ў мінулым годзе, 31.08 далучыўся рыбгас “Днепрабугскі” на Брэстчыне, дзе назіралі 1 маладую чаплю:птушка

Драгічынскі раён, 31-08-2019. Здымак Анастасіі Сяргеевай

Чырвоны каршун (Milvus milvus) – пасля назірання двух птушак ці пары 28-06-2019 пры мяжы з Польшчай у Гродзенскім раёне, адна птушка была адзначана там ізноў 12.07. Гэтыя назіранні маглі б сведчыць пра гнездаванне віду ў гэтым раёне, але не зразумела па які бок мяжы. Яўна пралётная птушка адзначана 03.08 у Бераставіцкім раёне.

птушка

Бераставіцкі раён, 03-08-2019. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Стэпавы лунь (Circus macrourus) – адбылося па адной рэгістрацыі самцоў ў ліпені – 12.07 у Лёзненскім раёне, і жніўні – 31.08. у Чэрвенскім раёне (здымак Генадзя Ардзюка):

птушка

Сокал-шулёнак (Falco vespertinus) – вельмі удалая на назіранні гэтага віду вясна з 4 паведамленнямі + летняе назіранне 01.06 абяцала гарачы на рэгістрацыі канец лета. Так і атрымалася, але “шулёнкаправод прарвала” толькі ў самыя апошнія дні жніўня: 27.08 6 птушак назіралі на Шчучыншчыне, 30.08 (пэўна, упершыню у Беларусі) маладую птушку атрымалася закальцаваць на Расоншчыне, а 31.08 адну самку назіралі на Чэрвеншчыне і аднаго самца на Кобрыншчыне. І гэта яўна толькі пачатак!

https://youtu.be/PHcFlpmha4w

Чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) – 3 птушкі былі адзначаныя 09.07 на ўскрайку Мінска (здымак Ірыны Самусенка). Менавіта Мінск і яго наваколле – месцы, дзе від у нас рэгіструюць найчасцей.

птушкі

Крычка-чэграва (Hydroprogne caspia) – дзве птушкі назіралі 16.08 у Драгічынскім, і па адной 20.08 у Жыткавіцкім і 24.08 у Бярозаўскім раёне.

Шыладзюбка (Recurvirostra avosetta) – гэта ўжо трэці паспяховы сезон гнездавання ў нашай краіне, першы адбыўся ў 2017 годзе. 26.07 на паўднёвым усходзе Гомельшчыны былі адзначаныя ажно 14 птушак у тым жа месцы, дзе яны пачалі будаваць гнёзды у сярэдзіне вясны.

Кулік-паручайнік (Tringa stagnatilis) – па адной птушцы назіраліся 20.07 пад Туравам і 21.07 на Чэрвеншчыне.

Кулік-марадунка (Xenus cinereus) – від, які ізноў быў уключаны ў Спіс Клуба200 гэтай вясной. Але пра восеньскія пярэмяшчэнні дзякуючы гэтаму мы амаль нічога не даведаліся – адна птушка назіралася 26.07 ў Лоеўскім раёне.

Стучок (Lymnocryptes minimus) – адна птушка была адзначана 19.07 на Гарадзеншчыне.

З другой паловы лета пачалася міграцыя і арктычных кулікоў:

Кулік-гразевік (Limicola falcinellus)  - мінімум тры птушкі 28.07 і адна 16.08 адзначаны ў Тураве, яшчэ дзве 13.08 на Чэрвеншчыне.

птушка

Тураў, 16-08-2019. Здымак Натальі Карліонавай

Малы грыцук (Limosa lapponica) пакуль толькі аднойчы зарэгістраваны 28.07 і таксама на Чэрвеншчыне.

Сявец (Pluvialis squatarola) – па адной птушцы адзначылі 29.08 на Міншчыне і 31.08 на Брэстчыне.

Кругланосы плывунчык (Phalaropus lobatus) – у невялікай колькасці гэтыя кулічкі рэгістраваліся на Чэрвеншчыне 03.08 і 23.08; на Любаншчыне 08.08, 15.08 у Турава і 24.08 у Бярозаўскім раёне.

птушка

Любанскі раён, 08-08-2019. Здымак Мікалая Вераб'я

Ісландскі пясочнік (Calidris canutus) – па 1-2 маладыя кулікі адзначаныя практычна амаль па ўсёй краіне: 11.08 на Гомельшчыне, 23 і 29.08 на Міншчыне, 26.08 на Гарадзеншчыне і 31.08 на Брэстчыне.

Шчурка-пчалаедка (Merops apiaster) – ва ўжо вядомых з мінулых гадоў месцах гнездавання гэтыя птушкі былі адзначаныя у пачатку ліпеня пад Браславам і на прыканцы – у Рэчыцкім раёне.

птушка

Браслаўскі раён, ліпень 2019. Здымак Алы Эрдман

Палявы свірстун (Anthus campestris) – увесь ліпень і нават пачатак жніўня яўна гняздуючыя свірстуны рэгістраваліся у цэнтральнай і паўднёва-заходняй частках краіны: 06.07, 09.07, 14.07, 17.07 і 02.08.

Чырвонагаловы каралёк (Regulus ignicapillus) і Чорнагаловы ерчык (Saxicola rubіcоla)  былі адзначаныя з вывадкамі ва ўжо вядомых раней месцах гнездавання. Першы 17.08 на Міншчыне, другі – 18.08 на Камянеччыне.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак чырвонага каршуна – яго ж, 03.08.2019, Бераставіцкі раён

 

 

На гэтую тэму:

Сенсацыі з доказамі і без: агляд цікавых назіранняў птушак Клубам200 за красавік, май і чэрвень

Што можа быць лепш за паморніка? – два паморнікі! Агляд назіранняў рэдкіх відаў птушак са Спісу Клуба200 за чэрвень і ліпень 2018

Восеньская міграцыя і агляд нашых назіранняў рэдкіх птушак за жнівень-2018

Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў птушак за 2018 год. Частка 1: ад гагачоў да кулікоў

Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў птушак за 2018 год. Частка 2: ад чаек да вераб’іных

Больш траціны відаў са Спіса птушак Беларусі – у абноўленым Спісе відаў Клуба200