Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў птушак за 2018 год. Частка 2: ад чаек да вераб’іных

Усяго за 2018 год у Клуб200 АПБ паступіла 469 паведамленняў пра назіранні 63 відаў са Спісу Клубу200, з якіх 1 – пра новы для Беларусі від птушак. У 2017-м такіх паведамленняў было трошкі больш за 450, у 2016 - амаль 400 і ў абодва гады яны былі пра назіранні трошкі іншых 59 відаў са Спіса.

Цяжка выбраць бясспрэчна найцікавейшыя назіранні з такой вялікай колькасці. Таму, акрамя заслужанага выдзялення на Рэгістрацыю году №1 новага для краіны віду,  далей назіранні рэдкіх відаў будуць ісці ў таксанамічным парадку з адпаведнымі каментарамі па іх значнасці, колькасці і з параўнаннем з 2017 годам.

Для большай зручнасці, сёлетні агляд падзелены на 2 часткі. Толькі стрынатка-рэмез, як новы для краіны від ёсць ў абодвух, а так паведамленні пра назіранні рэдкіх відаў гагачоў, гусей, лебедзяў, казарак і качак, чапляў, паморнікаў драпежных птушак і кулікоў разглядаюцца ў Першай частцы агляду.

Стрынатка-рэмез (Emberiza rustica) – (адзіны) новы від для Беларусі, які атрымалася зарэгістраваць у 2018 годзе. Птушка была адлоўленая і закальцаваная Дзянісам Кіцелем і Юрыем Янкевічам на Віцебшчыне, падрабязна пра гэта – ТУТ. Хаця фармальна новы від яшчэ павінен быць зацверджаны на паседжанні Беларускай арніта-фауністычнай камісіі, з сабранымі доказамі ў стрынаткі-рэмеза ёсць усе шанцы стаць 333-м відам у Спісе птушак нашай краіны. Віншуем Дзяніса і Юрыя!

птушка

Стрынатка-рэмез, Верхнядзвінскі раён, 02-10-2018. Здымак Юрыя Янкевіча

Ітак, працягваем:

Жаўтаногая чайка (Larus michahellis) – від, які ўпершыню быў адзначаны ў Беларусі на прыканцы 2016 году і канчаткова быў вызначаны дзякуючы таму, што раней як гэты від гнездаваў і быў закальцаваны ў Польшчы, параўнальна цяжка вызначаецца без сумневаў. Таму другая для нашай краіны жоўтаногая чайка, адзначаная Ірынай Самусенка на рыбгасе на Любаншчыне, была шмат разоў ёй сфатаграфаваная ў розных ракурсах і з раскрытымі крыламі. Гэтая рэгістрацыя - адзіная ў 2018 годзе, у 2017-м паведамленняў пра сустрэчы з відам не было.  Віншуем!

птушка

Жоўтаногая чайка, Любанскі раён, 24-10-2018. Здымак Ірыны Самусенка

Трохпалая чайка (Rissa tridactyla) – чацьвёртая рэгістрацыя віду для нашай краіны адбылася дзякуючы … паведамленню Мікалая Вераб’я пра назіранне гуся-піскулькі і чырвонаваллёвых казарак 13.11 пад Любанню! Група мінскіх бёрдуотчараў 17.11 выехала ўбачыць гэты(я) новы(я) для сябе від(ы), аднак гэта не атрымалася. А атрымалася ўбачыць і зблізку сфатаграфаваць маладую трохпалую чайку! Віншуем Генадзя Ардзюка, Наталью Капорыкаву, Віктара Куліка і Паліну Рамашку з выдатным назіраннем! Папярэдняя, трэцяя рэгістрацыя віду, адбылася ў 2013 годзе.

птушка

Маладая трохпалая чайка, р.Арэса на Любаншчыне, 17-11-2018. Здымак Генадзя Ардзюка

Марская чайка (Larus marinus) – рэдкі залётны для нас від, аднак у 2018 годзе адбылося ажно 6 рэгістрацый, усе ў межах Мінска! Цікава, што яны захапілі ўсе сезоны і ў адным выпадку былі нават 2 птушкі адначасова. У 2017-м від не адзначаны ў Беларусі, а перад гэтым апошнія рэгістрацыі адбыліся увосень 2016 году.

птушка

Марская чайка, Мінск, 20-01-2018. Здымак Ірыны Самусенка

Чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) у апошнія гады ў вельмі невялікай колькасці гняздуе ў Беларусі ў калоніях чайкі-рыбачкі. У 2018-м адбылося 8 рэгістрацый, усе на Міншчыне. Аднак гэта амаль у два разы менш, чым у 2017-м – тады было атрымана ажно 15 паведамленняў пра 14 рэгістрацый віда, усе, акрамя аднаго, таксама з цэнтральнай часткі краіны.

Чорнагаловы рагатун (Larus ichthyaetus) – вельмі рэдкі залётны від, за мінулы год адзначана двойчы, па разу вясной і ўвосень, на Міншчыне і Берасцейшчыне. У 2017-м была адна рэгістрацыя на Гомельшчыне.

птушка

Чорнагаловы рагатун, рыбгас "Днепрабугскі", Драгічынскі раён, 31-05-2018. Здымак Максіма Каласкова

Малая чайка (Larus minutus) – у невялікай колькасці гняздуючы і адзін з самых лёгкіх для назіранняў від са Спіса Клубу200. У 2018-м было атрымана 28 паведамленняў пра сустрэчы з відам з усіх абласцей, акрамя Магілёўскай. Чатыры рэгістрацыі былі зроблены ў лістападзе. У 2017-м абдыліся 23 сустрэчы з відам ва ўсіх частках краіны, акрамя Віцебскай.

птушка

Малая чайка, Прыпяць у Мазыры, 05-05-2018. Здымак Андрэя Шэўчыка

Крычка-чэграва (Hydroprogne caspia) – у 2018-м зроблена 9 рэгістрацый, з якіх толькі 2 вясновыя. Прычым адна з гэтых двух рэгістрацый – гэта птушка, якая на нейкі час далучылася да калоніі чаек-рыбачак на адным з дахаў ў Мінску! Найбольшая колькасць птушак – 10 – была адначасова адзначана на Чэрвеншчыне. У 2017-м было зроблена таксама 9 рэгістрацый, аднак, наадварот, толькі 2 з іх былі не вясновыя.

птушка

Крычка-чэграва, рыбгас "Волма", Чэрвенскі раён, 28-08-2018. Здымак Максіма Каласкова

Сава-бярозаўка (Surnia ulula) – дзве рэгістрацыі з пачатку зімы з поўначы краіны. Прычым адна з рэгістрацый адбылася ў дакладна невядомым месцы на Віцебшчыне, - адна з соваў была сбіта машынай і потым праходзіла рэабілітацыю ў Віцебскім заапарку. У 2017-м адбылася адна зімовая рэгістрацыя, і таксама на Шаркаўшчыне.

птушка

Сава-бярозаўка з забітай ласкай, Шаркаўскі раён, 12-02-2018. Здымак Валерыя Кавалёнка

Сіпуха (Tyto alba) – знікаючы ў Беларусі від птушак, усе вядомыя месцы гнездавання якога ў апошнія некалькі гадоў можна пералічыць на пальцах двух рук, і ўсе яны знаходзяцца на захадзе Заходняй Беларусі. Каб пераламіць сумную тэндэнцыю, гэтай зімой запланавана размяшчэнне больш двух дзесяткаў адмыслова сканструяваных для сіпухі гнездавых скрыняў у некалькіх ранейшых месцах гнездавання на Берасцейшчыгне і Гарадзеншчыне і, паводле некаторых параметраў, пасуючых для гэтага новых месцах. А ў мінулым годзе стала вядома пра дзве знаходкі выплюек гэтых соваў, знойдзеных у двух розных месцах на Маларыччыне.

Сіні сіваграк (Coracias garrulus) – яшчэ адзін знікаючы від у нашай і ў суседніх краінах з захаду і на поўнач ад нас. Адзіная рэгістрацыя адбылася ў мінулым годзе ў гнездавой калоніі двух пар у Чэрыкаўскім раёне на Магілёўшчыне – адзіным вядомым месцы гнездавання віду ў апошнія гады. На жаль, хутчэй за ўсё ў бліжэйшыя гады мы станем сведкамі знікнення віда ў нашай краіне. Апошнія рэгістрацыі не з Чэрыкаўшчыны былі зроблены ў 2016-м.

птушка

Сіні сіваграк, Чэрыкаўскі раён, 20-06-2018. Здымак Юрыя Шашэнькі

Шчурка-пчалаедка (Merops apiaster) – нешматлікі гняздуючы від, які ў апошнія гады павялічвае колькасць і пашырае геаграфію размяшчэння гнездавых калоній. Было атрымана 18 паведамленняў, з іх адно – пра птушак на вясновым пралёце і адно – на восеньскім, усе іншыя – пра шчурак у месцах гнездавання з усіх абласцей, акрамя Магілёўскай і Гродзенскай. Была зроблена, напэўна, самая ранняя рэгістрацыя віда ў Беларусі – 03.05 адна са шчурак ужо прыляцела на вядомую раней калонію пад Мінскам.

птушка

Шчуркі-пчалаедкі, Мінскі раён, 29-07-2018. Здымак Сяргея Зуёнка

Сасновы крыжадзюб (Loxia pytyopsittacus) – толькі адна рэгістрацыя двух птушак у Мінску, адбылася ў сярэдзіне студзеня ў групе крыжадзюбаў-ялавікоў. Папярэднія сустрэчы адбыліся ў Мінску і Нясвіжы ў 2016 годзе.

птушка

Сасновы крыжадзюб, маладая птушка, Мінск, 13-01-208. Здымак Ірыны Самусенка

Паўночная мармытуля (Iduna caligata) – даволі загадкавы від, упершыню адзначаны ў Беларусі ў 2010 годзе ў Пухавіцкім раёне, гнездаванне было даказана ўпершыню праз два гады ў Аршанскім раёне. Аднак з таго часу мы ведаем толькі пра выпадковыя назіранні віда летам на усходзе і ў цэнтры краіны, а таксама на пралёце мармытулю злавілі на поўначы. І хаця ў 2015-м адзін самец ужо спяваў у самым пачатку лета на ўскрайку Мінска, сёлетняя знаходка двух спяваючых побач самцоў на нічым не прыцягальным пустыры ў сталіцы, ды яшчэ зробленая незалежна больш, чым адным назіральнікам, канешне, прыемная нечаканасць! Дзякуючы ёй некалькі чалавек змаглі дадаць гэты від у свій асабсіты спіс, у тым ліку аўтар гэтага агляду і два яго спадарожнікі (адзін з Вялікабрытаніі, другі – з… Аўстраліі). Усяго ж у 2018-м было атрымана 5 паведамленняў пра 3 рэгістрацыі віду: яшчэ адна паходзіць з пачатку лета з Мінскага раёну і адна – ад адлоўленай на пралёце птушкі на поўначы Віцебшчыны. У 2017-м была зроблена толькі адна рэгістрацыя – на прыканцы лета мармутуля закальцаваная ў Расонскім раёне.

птушка

Паўночная мармытуля, Мінск, 22-05-2018. Здымак Генадзя Ардзюка

Пячураўка-зарнічка (Phylloscopus inornatus) упершыню адзначана для Беларусі ў 2014 годзе. Аднак толькі сёлета нарэшце адбылося “пашырэнне геаграфіі” рэгістрацый віда, бо да восені мінулага году яе бачылі і лавілі толькі на станцыі кальцавання “Сасновы бор” у Расонскім раёне - на самай поўначы Віцебшчыны. За мінулую восень было атрымана 6 паведамленняў пра 4 пацверджаныя рэгістрацыі віду, і новымі месцамі сустрэч з зарнічкай сталі Верхнядзвінскі і Гродзенскі раёны. Дзякуючы хуткаму паведамленню Дзьмітрыя Якубовіча пра сустрэчу птушкі на Гарадзеншчыне і яго дапамозе, від змаглі ўбачыць яшчэ 2 чалавекі. У 2017-м было 2 рэгістрацыі, на станцыі кальцавання “Сасновы бор”.

птушка

Пячураўка-зарнічка, Гродзенскі раён, 13-10-2018. Здымак Дзьмітрыя Якубовіча

Чорналобы грычун (Lanius minor) – нешматлікі на гнездаванні від, які сустракаецца амаль выключна на поўдні і паўднёвым усходзе краіны. У 2018-м было зроблена 2 рэгістрацыі, абедзьве  - на Гомельшчыне. У 2017-м была толькі адна рэгістрацыя з Пінскага раёну.

птушка

Чорналобы грычун, Лоеўскі раён, 24-07-2018. Здымак Андрэя Шэўчыка

Снежны падарожнік (Calcarius lapponicus) – (толькі) 6 сустрэч, усе адбыліся на пачатку году, і ўсе, акрамя адной – з адзінкавымі птушкамі. Падарожнікі трымаліся з іншымі відамі зернеядных птушак і былі адзначаныя на Міншчыне, Гомельшчыне і Гарадзеншчыне. У 2017-м, калі адбылося фактычна “пераадкрыццё” віду ў Беларусі, было 13 рэгістрацый, у некаторых выпадках нават 23 птушак разам! Мяркуючы па канцу 2018 году і першай палове студзеня 2019-га, калі даказаных сустрэч не адбылося, від усё ж у значна рознай колькасці залятае да нас. Наступныя зімы і колькасць рэгістрацый пакажуць як гэта ёсць насамрэч.

птушка

Снежны падарожнік, Любанскі раён, 11-02-2018. Здымак Мікалая Вераб'я

Попельная чачотка (Carduelis hornemanni) – другая запар зіма, калі адбываўся масавы залёт (інвазія?)  віда. За ўвесь 2018-ы было зроблена 35 рэгістрацый – гэта таксама другі год запар самы часта адзначаемы від са Спісу Клубу200. Палова сустрэч адбылася на станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор” (17 з 18 – восенню-зімой на прыканцы году +1 – у пачатку зімой). Другая палова – у розных частках краіны, акрамя Берасцейшчыны. Для параўнання, у 2017-ым было зроблена 36 рэгістрацый, прычым па ўсёй краіне, аднак з пачатку году за зіму і вясну было толькі 3 рэгістрацыі, а з сярэдзіны кастрычніка і да канца году – яшчэ 33. У 2016 рэгістрацый было 11, усе са станцыі кальцавання птушак  “Сасновы бор” і толькі з восені – зімы.

птушка

Попельная чачотка, Магілёўскі раён, 08-01-2018. Здымак Уладзіміра Бондара

Сняжурка (Plectrophenaх nіvalis) – 30 паведамленняў пра 22 рэгістрацыі. Самая ранняя рэгістрацыя была зроблена 24.10 на Любаншчыне, самя позняя – 18.03 на Гарадзеншчыне. Дзве найбольшыя групы налічвалі каля 130 сняжурак і былі адзначаныя ў студзені на Гарадзеншчыне і ў сакавіку на Міншчыне, аднак нашмат часцей назіраліся адзінкавыя птушкі ці невялікія іх групы разам з рагатымі жаўрукамі. У 2017-м было зроблена 18 паведамленняў пра 15 рэгістрацый сняжурак.

птушка

Сняжурка, Верхнядзвінскі раён, 31-10-2018. Здымак Дзяніса Кіцеля

Рагаты жаўрук (Eremophila alpestris) – 32 паведамленні пра 27 рэгістрацый віду. Самая позняя сустрэча – 31.03 на Магілёўшчыне, самая ранняя – 13.11 на Любаншчыне. Найбольш назіранняў віду было зроблена на Гарадзеншчыне і Міншчыне, толькі адно – на Магілёўшчыне і ніводнага – на Віцебшчыне. Найбольшая колькасць жаўрукоў у адной групе была адзначана ў лютым на Любаншчыне – каля 170 птушак. Цікавае абмеркаванне вызначэння двух нязвыкла афарбаваных жаўрукоў, якія аказаліся недалінялымі маладымі птушкамі, сфатаграфаванымі ў лютым на Чэрвеншчыне. У 2017-м было зроблена 35 паведамленняў пра 27 рэгістрацый віда, аднак ніводнага з Магілёўшчыны і Віцебшчыны.

птушка

Рагаты жаўрук, Чэрвенскі раён, 17-02-2018. Здымак Юліі Ляшчовай

Горная чачотка (Carduelis flavirostris) сустракаецца ў нас таксама толькі пад час зімы ў тундрах Арктыкі. У 2018-м годзе 7 рэгістрацый, зробленых у розных частках Беларусі, акрамя Гомельскай і Магілёўскай вобласці. У 2017-м адбылося 8 рэгістрацый віду.

Белая сініца (Cyanistes cyanus) – рэгіянальна распаўсюджаны ў нас  від, які гняздуе ў Беларусі выключна ў даліне Прыпяці і яе прытокаў. У мінулым годзе было атрымана 13 паведамленняў пра сустрэчы віда (адна з якіх – са Смаргоншчыны - пад сумненнем), 8 з якіх адносяцца да позняй восені і зімы. У 2017-м было 6 паведамленняў пра сустрэчы з відам, адна з якіх – з зімы.

птушка

Белая сініца, Пінскі раён, 07-02-2018. Здымак Сяргея Казака

Чорнагаловы ерчык (Saxicola rubіcоla) – яшчэ адзін рэгіянальна распаўсюджаны ў Беларусі від, пра сустрэчы з якім атрымана 8 паведамленняў, 7 з якіх з Брэсцкай вобласці, дзе від гняздуе з пачатку нашага стагоддзя (2001 г.). Упершыню від быў адзначаны на пралёце ўвосень на Магілёўшчыне. У 2017-м было 4 паведамленні пра сустрэчы віда на Берасцейшчыне.

птушка

Чорнагаловы ерчык, Магілёў, 30-09-2018. Здымак Уладзіміра Бондара

Чырвонагаловы каралёк (Regulus ignicapillus) паспяхова працягвае пашырацца на ўсход, у першай палове 2018-га самай усходняй кропкай стаў Бярэзінскі раён Міншчыны. Усяго было 6 паведамленняў пра сустрэчы з відам, амаль усе з Міншчыны. У 2017-м таксама было 6 паведамленняў, але пераважна з захаду краіны.

птушка

Чырвонагаловы каралёк, Мінск, май 2018 г. Здымак Максіма Каласкова

---------------------------------------------------------------------------------

Вельмі прыемна, што ў ТОПе-12 самых актыўных назіральнікаў мінулага году з’явілася шмат новых людзей. А выглядае ён наступным чынам (адное і тое ж назіранне і паведамленне пра яго магло быць зроблена больш, чым адным назіральнікам з гэтага спісу):

Дзьмітры Вінчэўскі – 73 паведамленні

Аляксандр Вінчэўскі – 48 паведамленняў

Генадзь Ардзюк і Наталья Капорыкава – 40

Віктар Кулік – 34

Андрэй Барадзін – 31

Максім Каласкоў – 31

Ірына Самусенка – 31

Дзяніс Кіцель – 30

Юрый Янкевіч – 25

Юрый Шашэнька – 24

Андрэй Шэўчык – 22 паведамленні

Жадаем усім назіральнікам птушак цікавых рэгістрацый і новых рэкордаў на карысць птушкам і людзям!

______________________

NB Новыя для Беларусі віды ўвойдуць у Спіс птушак краіны, і многія прыведзеныя тут назіранні рэдкіх відаў стануць афіцыйнай навуковай інфармацыяй толькі пасля разгляду і пацверджання яе Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй.

 

Агляд падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На верхнім здымку - перашадкрыўцы стрынаткі-рэмеза ў Беларусі - Юры Янкевіч і Дзяніс Кіцель

 

 

На гэтую тэму:

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 1: АД ГАГАЧОЎ ДА КУЛІКОЎ

Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ СА СПІСУ КЛУБУ200 ЗА 2017 ГОД

Сообщение БОФК: список птиц Беларуси увеличился на 3 новых вида

У ЧАКАННІ НОВАГА ГОДУ: АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 У СНЕЖНІ-2018

ПА-БАГАТАМУ: АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА ЛІСТАПАД-2018

АГЛЯД НАШЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ У КАСТРЫЧНІКУ-2018: ПЕРШАЯ СТРЫНАТКА-РЭМЕЗ, ДРУГАЯ ЖАЎТАНОГАЯ ЧАЙКА

ПАМОРНІК І ГУСІ-ПІСКУЛЬКІ: АГЛЯД САМЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК ЗА ВЕРАСЕНЬ-2018

ВОСЕНЬСКАЯ МІГРАЦЫЯ І АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ПТУШАК ЗА ЖНІВЕНЬ-2018

ШТО МОЖА БЫЦЬ ЛЕПШ ЗА ПАМОРНІКА? – ДВА ПАМОРНІКІ! АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ВІДАЎ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 ЗА ЧЭРВЕНЬ І ЛІПЕНЬ 2018

ПАЎНОЧНАЯ МАРМЫТУЛЯ І ІНШЫЯ ЧАКАНЫЯ НЕЧАКАНАСЦІ: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ЗА КРАСАВІК І МАЙ -2018

УЖО НЕ ЗІМА, АЛЕ ЯШЧЭ І НЕ ВЯСНА: НАЗІРАННІ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 Ў САКАВІКУ-2018

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК