Сябры АПБ з Гродзенскага абласнога аддзялення вырашылі дапамагчы вадаплаўным птушкам у не зусім звычайны спосаб. Справа ў тым, што хаця паляванне на тэрыторыі ачышчальных сажалак ВА “Гродна-Азот” (каля в.Беражаны, Гродзенскі раён) забаронена, аднак ахоўнік пастаянна скардзіўся, што часам паляўнічыя ігнаруюць гэтую забарону. Пры гэтым спасылаюцца на тое, што яна нідзе не пазначана на інфармацыйных шчытах, якія стаяць каля кожнага ўваходу да сажалак.
Сажалкі з’яўляюцца адным з самых цікавых месцаў у наваколлях горада для назіранняў водных і калаводных птушак. Яны знаходзяцца недалёка ад Нёмана, вада ў некаторых з іх практычна ніколі не замярзае нават у вялікія марозы, да таго ж некаторыя з сажалак маюць вельмі спрыяльныя ўмовы для харчавання кулікоў, якія ў вялікай колькасці прыпыняюцца тут для аднаўлення сіл як пад час вясновай, так і восеньскай міграцыі. Зразумела, што паляванне не спрыяе адпачынку і харчаванню птушак на гэтай тэрыторыі. Птушкі баяцца любога чалавека, нават без стрэльбы. Таму было вырашана дапамагчы паляўнічым зразумець непажаданасць іх знаходжання тут і павесіць таблічку “ОХОТА Запрещена!” каля найбольш “папулярнага” ўвахода на тэрыторыю ачышчальных сажалак. Сёння акцыя скончылася поспехам. У бліжэйшы час будуць адпаведна пазначаны і другія ўваходы. 29-03-2009 Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ