Для найбольш выбітных людзей, якія займаюцца аховай прыроды існуе свая “Нобелеўская” ўзнагарода - Goldman Environmental Prize. У гэтым годзе яе атрымала Малгожата Гурска (Malgorzata Górska), якая працуе ў арганізацыі Агульнапольскае таварыства аховы птушак OTOP (BirdLife у Польшчы).
Малгожата звязана з польскай прыродай штодзень – не толькі з-за працы ў ОТОР, але і з-за таго, што мае агратурыстычную гаспадарку, якую вядзе разам з мужам недалёка ад межаў Беларусі – на Бебжанскіх балотах.
З гэтым рэгіёнам ва ўсходняй Польшчы яна звязана наймацней. Менавіта тут у 1999-2006 яна працавала з польскім WWF у праекце па Бебжаньскаму нацыянальнаму парку (Biebrzańskі Park Narodowy), таксама Малгожата –гід, які мае ліцэнзію для правядзення экскурсій па прыродзе нацпарка.
З 2002г. пані Малгожата моцна ангажавалася ў актыўныя дзеянні, звязаныя з захаваннем унікальнай прыроды Заходняга Палесся, якой пагражала знішчэнне ў выніку рэалізацыі аднаго з магчымых варыянтаў пабудовы міжнароднай аўтамагістралі Via Baltica, які лабіравалі ўлады. Менавіта паводле гэтага – небяспечнага для прыроды варыянту – кальцавая дарога вакол горада Аўгустаў павінна была прайсці праз тэрыторыю Natura 2000 “Доліна Распуды” (Dolinа Rospudy).
Дзякуючы старанням пані Малгожаты была створана кааліцыя НДА, якая падтрымлівала варыянт пабудовы магістралі без знішчэння унікальных прыродных комплексаў Доліны Распуды. Акрамя ОТОР і WWF Polska, ў яе ўвайшлі таксама шматлікія арганізацыі з Польскай Зялёнай Сеці (Polska Zielona Sieć). Падтрымлівалі кампанію таксама і іншыя арганізацыі: Pracownia na rzecz Wszystkich Istot, Centrum Ochrony Mokradeł, SISKOM, Greenpeace. Атрымалася стварыць моцны грамадзкі рух, знакамітым сымбалем якога стала зялёная стужачка – ў той час яе можна было сустрэць паўсюль: на адзенні людзей, на антэнах аўтамабіляў, на інтэрнет-старонках і г.д.
Улады ні на лакальным, ні на дзяржаўным узроўні аднак, не хацелі абмяркоўваць альтэрнатыўныя варыянты пабудовы аўтамагістралі. Тады справай парушэння агульнаеўрапейскага заканадаўства (Дырэктывы аб дзікіх птушках і Дырэктывы аб месцапражываннях дзікіх жывёл ЕЗ) зацікавілася Еўракамісія і Еўрапейскі Парламент. Супраць Польшчы быў пададзены судовы іск у Еўрапейскі трыбунал, які абавязаў Польшчу прыпыніць будаўніцтва. Адначасова польскія суды рознага ўзроўню прызнавалі рацыю абаронцаў прыроды.
Гісторыя абароны Даліны Распуды доўгі час не знікала з увагі польскіх і міжнародных СМІ, адбываліся шматлікія дыскусіі і ў рэальным жыцці. Бо акрамя шматлікіх прыхільнікаў захавання дзікай прыроды, былі і не менш шматлікія праціўнікі. Яны абвінавачвалі калег пані Малгажаты ў тым, што апошнія ставяць захаванне прыроды вышэй жыцця людзей і дабротаў цывілізацыі, якія прынясе магістраль.
Барацьба за захаванне польскай прыроды ў гэтым рэгіёне краіны скончылася толькі ў сакавіку 2009 году, калі Польскі урад пастанавіў больш не настойваць на найгоршым варыянце пабудовы Віа Балтыкі. Былі ўратаваныя не толькі Даліна Распуды, але таксама і Бебжанскія балоты, Кнышыньская і Аўгустоўская пушчы (Puszczа Knyszyńską oraz Augustowską), праз якія павінна была праходзіць аўтамагістраль. Адной з тых асоб, без непасрэднага ўдзелу якіх перамога не адбылася б, была менавіта сёлетняя лаўрэатка прэміі Голдманаў.
Штогадовая Прэмія была створана Робэртам і Родай Голдман (Robert i Rhodа Goldman) у 1990г.. Яна падтрымлівае асабістыя дзеянні, якія аказалі значны ўплыў на разуменне неабходнасці аховы навакольнага асяроддзя і сёлета кожны з 6 лаўрэатаў атрымае грашовую ўзнагароду памерам у 150 тысяч даляраў.
Гэта ўжо другі выпадак, калі лаўрэатам прэміі Голдманаў становіцца прадстаўнічка Польшчы – ў 2002г. была ўзнагароджана Ядвіга Лапата (Jadwiga Łopata), якая стварыла сець агратурыстычных гаспадарстваў і змагалася супраць пашырэння генетычна мадыфікаванай ежы.
Здымак Малгожаты Гурскей з www.birdlife.org
Паводле Паводле www.birdwatching.pl і www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Награда за охрану природы
Шляхецтва за ахову птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
biot1 (госць) - 23.04.2010 - 14:54
Ровняться на таких людей