Птушкі і звяры наваколля Белавежскай пушчы LIVE на працягу ўсёй зімы і ў новым фармаце

Чацвёртую зіму запар наш сайт “Птушкі штодня” прапануе ўнікальную для нашай краіны магчымасць – утульна седзячы у цёплай хаце, офісе ці на занятках, глядзець за актыўным зімовым жыццём нашых дзікіх суседзяў у рэжыме LIVE. Прычым новы фармат дазволіць назіраць і за дзённай актыўнасцю пераважна птушак, і за начным жыццём пераважна звяроў.

Як і ў мінулы раз, сталоўка для дзікіх жывёл з разнастайным пачастункам знаходзіцца ў ваколіцах невялічкай пушчанскай вёсачцы Вугляны, што на Камянеччыне. Як раз у гэтым месцы праходзіць звярыны пераход паміж невялічкім нізінным балотцам і лесам, ды і чародкі вераб’іных карыстаюцца гэтым калідорам.

І калі ў мінулыя зімы пад час трансляцыі мы маглі назіраць амаль выключна за птушкамі, то сёлета да іх дадаецца магчымасць убачыць каля сталоўкі ці непасрэдна на ёй і звяроў (прынамсі, казуль, зайцоў, лісаў, дробных грызуноў а можа і яшчэ каго, і не раз). Спецыяльная падсветка і вочы звяроў, якія будуць "свяціцца" у адказ, дапамогуць заўважыць нават дробных грызуноў у цёмны час сутак.

У першыя дні трансляцыі тут ужо “адзначыліся” вялікія і сінія сініцы, сойкі, чорны дрозд. А ўвогуле, разлічваем разам з Вамі ўбачыць прыкладна два дзесяткі відаў пярнатых. Сапраўдная зіма яшчэ наперадзе, таму і відаў, і птушак, якія “знойдуць” тут ежу і будуць прылятаць пад’есці на сталоўку, будзе больш. Але цікавыя паводзіны і ўзаемаадносіны паміж рознымі відамі можна назіраць ужо зараз. І калі на сталоўку рэгулярна наведваюцца дробныя птушкі і грызуны, то з часам варта чакаць і тых, хто імі харчуецца: драпежных птушак, соваў і куньіх.

птушка

Сіняя сініца. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Як і любая сур’ёзная справа, забеспячэнне штодзённай бесперапыннай трансляцыі ў рэжыме LIVE патрабуе адказнай каманднай працы, і мы шчыра ўдзячныя Вадзіму Пракапчуку, актывісту АПБ з Камянеччыны, уладальніку аграсядзібы ў Вуглянах з якой ладзіцца чарговыя назіранні птушак і Аляксандру Мінічу, актывісту АПБ з Брэста,які мае шматгадовы паспяховы досвед не толькі з арганізацыі он-лайн трансляцый са сталовак для птушак, але і з гнёздаў сокала-пустальгі.

Сёлетняй трансляцыі не было б без тэхнічнай падтрымкі нашых даўніх партнёраў – інтэрнет-правайдэра з Брэста “Элнет” – ім асобная падзяка.

Вашы пытанні, каментары і скрыншоты таго, што адбываецца на сталоўцы, дапамогуць лепш разумець іншым гледачам, што цікавага або незвычайнага Вы назіралі і нам вызначыць від(ы) і растлумачыць асаблівасці іх паводзін. Для гэтага трэба зарэгістравацца на сайце.

Любы чалавек з Беларусі можа не толькі назіраць за трансляцыяй, але і фінансава дапамагчы нашаму праекту, пералічыўшы любую суму грошай (у разумным памеры) на тэлефон + 375 445 40 26 91 (А1). Гэты нумар забяспечвае мабільны інтэрнет для камеры. Імёны і прозьвішчы ўсіх, хто пералічыць грошы і дашле пра гэта смс на нумар +375 336 887589, з’явяцца на сайце пад вакном трансляцыі.

Цікавага прагляду і загадзя дзякуем за дапамогу!

 

Верхні здымак сойкі – Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

Запрашаем глядзець на птушак Белавежскай пушчы on line на нашай сталоўцы

Птушыная сталоўка он-лайн у Залессі развітваецца да наступнай зімы!

5000 гледачоў і першыя 15 відаў птушак на нашай сталоўцы on-line!

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц