Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

 

Дзікія птушкі могуць ахвяраваць доступам да ежы, каб застацца побач са сваім партнёрам узімку – такое нечаканае і неверагоднае адкрыццё зрабілі навукоўцы з Оксфардзкага ўніверсітэту (Вялікабрытанія). 

Не так даўно іншыя навукоўцы паказалі, што каханне адыгрывае важную ролю ў размнажэнні птушак. І вось даследчыкі з факультэту заалогіі Оксфарда знайшлі, што партнёры з пар вялікіх сініц (Parus major), якія правялі разам гнездавы сезон, выбіраюць заставацца ў пары нават зімой замест сытасці ў новай серыі эксперыментаў, пад час якіх людзі не дазвалялі партнёрам харчавацца ў тым самым месцы.  

Гэта таксама значыць, што птушкі – партнёры з пары праводзяць разам шмат часу нават па-за сезонам гнездавання. І, з часам, пары могуць нават навучыцца кааперыраваць свае паводзіны такім чынам, каб знайсці крыніцы ежы, на якіх могуць харчавацца абедзьве птушкі з пары.

Вынікі даследавання, якія былі апублікаваныя ў часопісе Current Biology, яшчэ раз паказалі важнасць сацыяльных адносін для дзікіх птушак – нават тады, калі іх падтрыманне можа пагаршаць іх фізічны стан.

Джош Фірф (Josh Firth), які ачольваў групу даследчыкаў, сказаў: “Выбар заставацца разам са сваім партнёрам, а не ляцець у пошуках ежы паказвае, як рашэнні асобных птушак, якія ў кароткачасовым аспекце могуць быць неаптымальнымі, ў доўгачасовым плане дапамагаюць атрымаць карысці ў выглядзе замацавання патрнёрскіх адносін. Бо без надзейнага партнёра  вялікія сініцы не могуць выгадаваць птушанят.”

Каб праверыць прывязанасць птушак адна да адной, у лесе Wytham недалёка ад Оксфарду выкарыстоўвалі аўтаматычныя сталоўкі для птушак, якія дазвалялі дапускаць да выкладзенай у іх ежы або наадварот – не дапускаць асобных сініц. Кожная з птушак мела сваю метку з індывідуальным сігналам-радыёчастатой, якую і распазнавалі сталоўкі.  

Пад час эксперыменту птушкі з пары не маглі харчавацца на той самай сталоўцы, што і іх партнёр: напрыклад, самец не мог харчавацца на той сталоўцы, дзе магла яго самка і vice versa.

Аказалася, што рандомна абраныя птушкі, якія не маглі харчавацца разам з партнёрам на той жа сталоўцы, праводзілі значна больш часу каля яе, чым тыя птушкі з пар, якія маглі харчавацца там разам.

Таксама цікава, што сініцы вучыліся з часам выкарыстоўваць 2-х секундны інтэрвал да таго, як сталоўка закрывалася для іх (калі партнёр з іх пары ўжо харчаваўся на ёй) і наадварот, многія не ляцелі блізка да такой сталоўкі першымі, каб партнёр змог нават і адзін на ёй харчавацца. Гэта кажа пра тое, што птушкі могуць выкарыстоўваць стратэгію кааперацыі. 

Даследаванне было падтрымана National Environment Research Council (NERC), European Research Council (ERC) і Biotechnology and Biological Sciences Research Council (BBSRC).

Крыніца:

Josh Firth, Bernhard Voelkl, Damien R. Farine, Ben C. Sheldon (2015) Experimental Evidence that Social Relationships Determine Individual Foraging Behavior, Current Biology, Volume 25, Issue 23, p3138–3143, 7 December 2015 DOI: http://dx.doi.org/10.1016/j.cub.2015.09.075

Паводле www.ox.ac.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Мікалая Вераб'я

 

На гэтую тэму:

ПТУШКІ ПАКАЗАЛІ ЭВАЛЮЦЫЙНЫЯ ПЕРАВАГІ ЗАКАХАНАСЦІ

ХТО КАГО ВЫБІРАЕ Ў ВЯЛІКІХ СІНІЦ І ЧАМУ?

КАНФАРМІЗМ І НОНКАНФАРМІЗМ У ПТУШАК НА ПРЫКЛАДЗЕ ВЯЛІКІХ СІНІЦ

ДАКАЗАНА: САМКІ ВЯЛІКІХ СІНІЦ МАЮЦЬ ЛЕПШУЮ ПАМЯЦЬ, ЧЫМ САМЦЫ

У птушак адкрыты “ген Казановы”  

Знойдзена самая сексуальная птушка ў Свеце

Кветкі і салодкія прысмакі прыцягваюць самак

Мой шалаш – мая крэпасць 

Разумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак

Новы партнёр – новае шчасце?