На прыкладзе археаптэрыкса апісаны самы ранні тып лінькі ў птушак

Лятаючыя птушкі мяняюць сваё пер’е або пад час рэгулярных лінек – калі яно ўжо зношанае ад выкарыстання, або толькі моцна пашкоджаныя асобныя пёры ў любы час. Зразумела, што гэта неабходна найперш для таго, каб не змяншаць эфектыўнасць палёту. Таму лічыцца, што ў дыназаўраў, у якіх пер’е яшчэ не выконвала функцыі забеспячэння палёту, лінька адбывалася беспарадкава. І вось навукоўцы апісалі, які тып лінькі выкарыстоўвалі археаптэрыксы!

Каманда даследчыкаў: Dr. Michael Pittman (універсітэт Ганконга), Thomas G Kауе (Foundation for Scientific Advancement (Arizona, ЗША) і William R Wahl з Wyoming Dinosaur Center (Wyoming, ЗША), дзякуючы новаму погляду на знакамітыя скамянелыя парэшткі археаптэрыкса з поўдня Германіі, апісалі самую раннюю, вядомую нам, ліньку пер’я сярод птушак. Узрост парэштак – каля 150 мільёнаў гадоў - у той час там былі трапічныя марскія лагуны.

Найбольш распаўсюджаная стратэгія лінькі ў сучасных птушак – паслядоўная лінька (sequential molt), пад час якой махавыя пёры выпадаюць і замяняюцца адначасова і сіметрычна ў абодвух крылах. І сустракаюцца два яе тыпы. Першы, найбольш часты сярод вераб’іных птушак, гэта калі махавыя выпадаюць згодна з іх парадкавым нумарам, з самага верху ўніз крыла. Другі тып сустракаецца ў драпежных птушак, калі махавыя пачынаюць выпадаць і замяняцца пачынаючы ад цэнтра крыла. Менавіта гэты другі тып дазваляе даўжэй захоўвываць папярэднія лётныя характарыстыкі і дазваляе даўжэй эфектыўна паляваць з паветра.

Даследчыкі разглядалі скамянелыя парэшткі археаптэрыкса з дапамогай стымуляванай лазерам флюарэсцэнцыі (Laser-Stimulated Fluorescence) і выявілі адсутнасць пёраў у кожным з крылаў першаптушкі. Пры звычайным, дзённым асвятленні, гэтага не было бачна.

"Мы знайшлі люстраную адсутнасць пёраў у абодвух крылах. У гэтага археаптэрыкса няма па аднаму пяру ў кожным з іх і яны выпадалі і замяняліся бліжэй да цэнтра крыла, гэта значыць не з верху” – сказаў Kaye. Атрымліваецца, што падобны тып лінькі, які выкарыстоўваецца птушкамі дагэтуль, сустракаецца з часоў станаўлення класа і ўзнікнення палёту птушак.

"Тып лінькі “ад цэнтра крыла” (center-out molting strategy) існаваў у першых лятуноў і даваў простую перавагу – нават пад час лінькі захоўвываць магчымасць палёту“ - сказаў Pittman. "Гэтае адкрыццё дазваляе ўбачыць як і калі выкарыстоўвываліся раннімі птушкамі розныя прыстасаванні да палёту да таго, як з’явіліся кіль (sternum), пёры хваста сталі прымацоўвывацца да адной косткі – пігастылю  (pygostyle), а ключыцы зрасліся ў вілачку.”

Зробленая па выніках даследавання публікацыя – частка больш шырокай тэмы, якой займаецца вышэй пералічаная каманда навукоўцаў, звязанай з лепшым разуменнем узнікнення палёту птушак.


Крыніца: Thomas G. Kaye et al. Archaeopteryx feather sheaths reveal sequential center-out flight-related molting strategy, Communications Biology (2020). DOI: 10.1038/s42003-020-01467-2

 

Паводле www.phys.org  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На здымку пёры, якія адсутнічаюць у кожным з крылаў археаптэрыкса, паказаныя стрэлкамі

 

 

На гэтую тэму:

Дыназаўры мусілі моцна зменшыцца, каб стаць птушкамі

Як выкарыстоўвалі пер’е дыназаўры?

Крылы дыназаўраў узніклі для шлюбных паказаў

Археаптэрыкс апынуўся ў адной кампаніі з новым відам першаптушак

У Кітаі знойдзены парэшткі самай старажытнай птушкі

Новыя выкапневыя птушкі з Кітаю лепш асвятляюць гісторыю станаўлення класу

Старажытныя птушкі застаўлялі сваіх драпежнікаў з хвастом?

Апісаны парэшткі старажытнай птушкі з размахам крылаў больш 6 метраў