Археаптэрыкс апынуўся ў адной кампаніі з новым відам першаптушак

Даследчыкі з універсітэту Людвіга Максіміліана з Мюнхена (Ludwig  Maximilian University) (Германія) па скамянелых парэштках апісалі невядомы від хутчэй за ўсё адной з першых птушак, якая жыла на прыканцы юрскага перыяду. Гэты від – другі, які вядомы здольнасцю да палёту акрамя археаптэрыкса і жыў у адзін час з апошнім.

Пасля знаходкі і апісання першага літаграфічнага адпячатка археаптэрыкса, знойдзенага ў 1861 годзе, гэты від доўгі час лічыўся першай і адзінай птушкай юрскага перыяду. Усе знойдзеныя скамянелыя парэшткі археаптэрыксаў былі знойдзеныя на былым архіпелагу  Solnhofen, які складаўся з некалькіх астравоў у юрскі перыяд. Цяпер гэта суша на тэрыторыі Германіі паміж гарадамі Pappenheim і Regensburg. Archaeopteryx жыў на тагачасных астравах прыкладна 150 мільёнаў гадоў таму.

Новаапісаны від, які атрымаў навуковую назву Alcmonavis  poeschli, жыў таксама ў юрскі перыяд і быў здольны да палёту. Гэтую выснову атрымалася зрабіць дзякуючы таму, што ў якасці парэштак былі знойдзены косткі крыла першаптушкі.

"Спачатку мы думалі, што гэта яшчэ адзін археаптэрыкс. Але пасля дэталёвага вывучэння знойдзеных парэштак і параўнання іх з вядомымі матэрыяламі па археаптэрыксам і іншым, геалагічна больш маладым старажытным птушкам, аказалася, што гэта яшчэ невядомы навуцы від” – сказаў д-р Раугут (Dr Rauhut), галоўны аўтар публікацыі пра знаходку ў часопісе eLife. І хаця новаапісаны від не быў большы за археаптэрыкса, ён мог лятаць лепш за апошняга, бо меў большыя памерамі лятальныя мышцы і іншыя асаблівасці ў будове крыла, якіх не было ў археатэрыкса і якія ёсць у больш сучасных птушак і дазвалялі птушцы лятаць актыўным, машучым палётам.

Адкрыццё Alcmonavis poeschli аднавіла дыскусіі на тэму ці актыўны палёт птушак мог узнікнуць ад птушак, якія карысталіся лунаючым палётам. "Наша знаходка дэманструе, што эвалюцыя здольнасці да палёту адбывалася параўнальна хутка” - сказаў д-р Крысціян Фоф (Dr. Christian Foth) з універсітэту Фрібурга (Швейцарыя), адзін з сааўтараў публікацыі.  

Птушка атрымала сваю навуковую назву ад старай кельцкай назвы сучаснай ракі Altmühl, - Alcmona, і ў гонар палеантолага Roland’а Pöschl’а, які першы пачаў там раскопкі. Неабходна падкрэсліць, што першы археаптэрыкс быў знойдзены ў тых самых слаях вапняка. Таму можна лічыць, што абодва віды жылі прыкладна ў той самы час у субтропічнай лагуне на астравах таго ж архіпелагу, які цяпер стаў часткай тэрыторыі Паўднёвай Германіі.

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Ludwig Maximilian University of Munich

 

На гэтую тэму:

ЗНОЙДЗЕНЫ СКАМЯНЕЛЫЯ ПАРЭШТКІ САМЫХ СТАРАЖЫТНЫХ ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК

Старажытныя птушкі застаўлялі сваіх драпежнікаў з хвастом?

Старажытныя птушкі выжылі толькі дзякуючы насенню раслін?

Як адбывалася эвалюцыя размнажэння птушак

Новыя выкапневыя птушкі з Кітаю лепш асвятляюць гісторыю станаўлення класу

Апісана самая вялікая птушка, якая калі-небудзь лятала

Знойдзена першая птушка, якая апыляла кветкі