Знойдзеныя яшчэ ў 1980-я гады выкапневыя парэшткі марской птушкі гіганцкіх памераў былі апісаны толькі цяпер. Хутчэй за ўсё, яны належалі самай вялікай лятаючай птушцы ў гісторыі нашай планеты.
Размах крылаў гэтай дагістарычнай істоты ацэньваецца ў 6 - 7,3 метра, узрост парэшткаў, знойдзеных пад горадам Чарльстан (Паўднёвая Караліна, ЗША) – у 25-28 мільёнаў гадоў. Такія крылы удвая большыя за лятальны апарат сённяшняга самага вялікага летуна – вандроўнага альбатроса.
Новы від быў названы Pelagornis sandersi ў гонар Альберта Сэндэрса (Albert Sanders), былога куратара Музею ў Чарльстане, які ачольваў мясцовыя раскопкі ў 1980-я гады, калі і былі знойдзены цікавыя парэшткі.
Вялізарныя памеры і своесаблівая дзюба дазволілі Дэну Ксепка (Dan Ksepka) з Нацыянальнага Цэнтру эвалюцыйнага сінтэзу з Паўночнай Караліны аднесці новаапісаны від да pelagornithid, вымерлай групы гіганцкіх марскіх птушак, якія вядомыя па костных зубападобных шыпах на над- і паддзюб’е.
Яе тонкія, як папера, полыя косткі, параўнальна кароткія ногі і вялізарныя крылы рабілі домам птушкі паветра, але на зямлі яна пачувалася некамфортна.
Навукоўцы кажуць, што птушка з крыламі такіх памераў не магла падняцца ў паветра простымі ўзмахамі крылаў. Замест гэтага яна, напэўна, ўзлятала, кідаючыся ўніз з узвышанняў ці з дапамогай моцных парываў ветра.
Аднак пасля таго, як яна аказвалася ў паветры, пелагорніс ператваралася ў вельмі эфектыўны планер, і як сучасныя альбатросы з крыламі падобнай будовы (тонкімі і доўгімі) магла гадзінамі ляцець над акіянам без адзінага ўзмаху крыла.
Даследчыкі спадзяюцца, што знаходка дапаможа праліць больш святла на прычыны знікнення пелагорніцід і дапаможа лепш зразцмець як птушкі такіх памераў маглі лятаць.
Паводле www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На ілюстрацыі з www.novataxa.blogspot.com : рэканструкцыя новаапісанага віду ў параўнанні з сілуэтам вандроўнага альбатроса і знойдзенымі костнымі парэшткамі, якія на малюнку паказаны белым колерам.На гэтую тэму:
АПІСАНА САМАЯ СТАРАЖЫТНАЯ ВАДАПЛАЎНАЯ ПТУШКА, ЯКАЯ ЛЯТАЛА- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ