Апісаны парэшткі старажытнай птушкі з размахам крылаў больш 6 метраў

Хаця фрагмент паддзюб’я быў знойдзены каля Антарктыды яшчэ ў 1980-я гады, вызначэнне таксону, да якога адносілася птушка ад якой парэшткі паходзілі, адбылося толькі зараз. Аказалася, што гэта быў прадстаўнік пелагаарнітыдаў (pelagornithid) з размахам крылаў 6,4 метра і ўзростам каля 50 мільёнаў гадоў! Некалі прадстаўнікі гэтай групы, па ладу жыцця падобныя да сучасных альбатросаў, патрулявалі тагачасныя акіяны.

Самыя старыя знаходкі, якія адносяць да пелагаарнітыд, маюць узрост 62 мільёны гадоў. Аднак тады птушкі былі значна меншага памеру ў параўнанні з апісанай зараз. Пасля таго, як многія экалагічныя нішы пасля знікнення большасці дыназаўраў 65 мільёнаў гадоў таму вызвалілася, іх часткова занялі птушкі і над акіянамі гэта былі пелагаарнітыды, якія паступова павялічваліся ў памерах. Размах крылаў у 6,4 метра амаль у два разы большы за размах крылаў вандроўнага альбатроса – сучаснага віда з самымі доўгімі крыламі, і прыкладна ў два разы меншы за самы вялікі размах крылаў птэразаўраў.

"Знойдзеныя намі акамянеласці паказваюць, што некаторыя групы птушак параўнальна хутка дасягнулі гіганцкіх памераў пасля таго, як дыназаўры вымерлі, і потым панавалі над акіянамі мільёны гадоў” – сказаў Peter Kloess, аспірант універсітэту штата Каліфорнія ў Berkeley (ЗША).

птушкі

Самы нядаўні прадстаўнік пелагаарнітыд вымер прыкладна 2,5 мільёна гадоў таму – у часы, калі на Зямлі пачаўся доўгі ледавіковы перыяд.

Гэтая старажытная група птушак цікавая і сваімі “зубамі”. Хаця на сківіцах у іх і ёсць костныя вырасты, падобныя на зубы, але яны былі пакрыты не эмаллю, а рогападобным рэчывам керацінам. Аднак нават у такім выглядзе яны былі вельмі прыдатныя для таго, каб выхапіць з вады жывую рыбу або галаваногага малюска, на якіх пелагаарнітыды палявалі.

У сярэдзіне 1980-х гадоў палеантолагі сабралі вялікую колькасць акамянеласцяў рознага ўзросту на востраве Seymour, які знаходзіцца каля самай паўночнай аканечнасці Антарктыды.

Дзякуючы папярэднім знаходкам, даследчыкам атрымалася не толькі вызначыць таксон, прадстаўніку якога належалі знойдзеныя парэшткі, але і рэканструіраваць велічыню старажытнай птушкі. Кавалак паддзюб’я, знойдзены на востраве, мае даўжыню 12 см, цэлая сківіца была каля 60 см. Дзякуючы экстапаляцыі яе даўжыні і адлегласці паміж зубамі на тыя ж велічыні пелагаарнітыдаў вядомых памераў, атрымалася вылічыць і рэкордныя памеры выкапневай птушкі.


Крыніца: Peter A. Kloess et al, Earliest fossils of giant-sized bony-toothed birds (Aves: Pelagornithidae) from the Eocene of Seymour Island, Antarctica, Scientific Reports (2020). DOI: 10.1038/s41598-020-75248-6

Паводле www.phys.org (тэкст і ілюстрацыі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Апісана самая вялікая птушка, якая калі-небудзь лятала

Апісана самая вялікая птушка на Зямлі - яна жыла на Мадагаскары

Адна з самых старажытных вадаплаўных птушак апісана ў Новай Зеландыі

Антарктычныя карані Гусепадобных

Археаптэрыкс апынуўся ў адной кампаніі з новым відам першаптушак