Адна з самых старажытных вадаплаўных птушак апісана ў Новай Зеландыі

Адкрыццё адбылося з актыўным удзелам палеантолага-аматара, дзякуючы гэтаму новаапісаны від атрымаў назву ў гонар яго жонкі. Гэта самы старажытны і самы невялікі прадстаўнік добра вядомага па папярэдніх знаходках атраду Odontopterygiformes, да якога, між іншым, адносіўся і самы вялікі з лятаючых від птушак.

Псеўдазубыя птушкі (Pelagornithids) – старажытнае сямейства марскіх птушак пераважна вялікіх і вялізарных памераў. Раней лічылася, што яны ўзніклі ў Пашночным паўшар’і, аднак цяпер гэтая тэорыя пастаўлена пад сумнеў дзякуючы апошняй знаходцы ў Новай Зеландыі. Скамянелыя парэшткі самага малога і самага старажытнага прадстаўніка псеўдазубых птушак маюць узрост 62 мільёны гадоў.

Птушка, якая атрымала назву Protodontopteryx ruthae, была памерам з сённяшніх чаек сярэдніх памераў. Як і іншыя прадстаўнікі атрада, яе доўгая і масіўная дзюба мела шматлікія зубападобныя вырасты. Аднак нашмат больш кароткая даўжыня пляча ў адносінах да іншых костак крыла сведчыць пра тое, што гэты від у адрозненне ад іншых вядомых знаходак, не быў яшчэ здольны да лунаючага палёту над адкрытай вадой.

Від быў апісаны той жа камандай палеантолагаў, якая нядаўно абвесціла пра апісанне вялікага пінгвіна, парэшткі якога былі знойдзены ў тым самым месцы.

Палеантолаг-аматар Лей Лав (Leigh Love) знайшоў частку скамянелых парэштак  Protodontopteryx у мінулым годзе ў мясцовасці Waipara Greensand, Новая Зеландыя. Каб падзякаваць сваёй жонцы Ruth за шматгадовую падтрымку яго хобі, Лей прапанаваў назваць вымерлую птушку ў яе гонар. Навукоўцы пагадзіліся, і так новаапісаны для навукі атрымаў імя Protodontopteryx ruthae.

Д-р Скофілд (Dr. Scofield), адзін з сааўтараў апісання і публікацыі, сказаў, што ўзрост знаходкі сведчыць пра тое, што pelagornithid’ы як група ўзніклі ў Паўднёвым паўшар’і. “Да таго, як мы апісалі новы від, усе папярэднія знаходкі прадстаўнікоў групы былі зроблены выключна ў Паўночным паўшар’і, таму не было іншых думак пра месца ўзнікнення гэтых птушак. У тыя часы Новая Зеландыя і навакольны акіян былі іншымі: быў трапічны клімат, вада мела каля 25С і тут раслі каралы і плавалі марскія чарапахі”.

Прыкладна 60 мільёнаў гадоў пелагаорнітыды былі ўладарамі неба над акіянамі. З’явіліся яны ў часы, калі на Зямлі яшчэ былі дыназаўры, а зніклі прыкладна 2,5 мільёны гадоў таму – як раз у часы, калі ўтварыўся першы від людзей. Цікава, што прадстаўнікі атраду увесь час павялічвалі свае памеры і найбольшы сярод іх Pelagornis sandersi быў і найбольшай памерамі птушкай, здольнай да палёту: яны важылі ад 22 да 40 кг і мелі размах крылаў ад 6,2 да 7,3 метра! З-за вялікай памерамі дзюбы, гэтыя птушкі адгначасова нагадвалі сучасных альбатроса і пелікана.

Крыніца:

Gerald Mayr, Vanesa L. De Pietri, Leigh Love, Al Mannering and R Paul Scofield. Oldest, Smallest And Phylogenetically Most Basal Pelagornithid From The Early Paleocene Of New Zealand, Sheds Light On The Evolutionary History Of The Largest Flying Birds. Papers in Palaeontology, 2019. DOI: 10.1002/spp2.1284

Паводле www.phys.org (тэкст і рэканструкцыя знешняга выгляду) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Апісана самая вялікая птушка, якая калі-небудзь лятала

Птушкі Марока з пліяцэну

АПІСАНА САМАЯ СТАРАЖЫТНАЯ ВАДАПЛАЎНАЯ ПТУШКА, ЯКАЯ ЛЯТАЛА

ПАРЭШТКІ АДНАГО З САМЫХ ВЯЛІКІХ ПІНГВІНАЎ ЗНАЙШЛІ Ў НОВАЙ ЗЕЛАНДЫІ

ПАРЭШТКІ САМАГА ВЯЛІКАГА ПАПУГАЯ ЗНОЙДЗЕНЫ Ў НОВАЙ ЗЕЛАНДЫІ

НОВАЗЕЛАНДЗЕЦ ВЫПАДКОВА ЗНАЙШОЎ СЛЯДЫ МОА ЎЗРОСТАМ 12 МІЛЬЁНАЎ ГАДОЎ

АРХЕАПТЭРЫКС АПЫНУЎСЯ Ў АДНОЙ КАМПАНІІ З НОВЫМ ВІДАМ ПЕРШАПТУШАК