Апісана самая вялікая птушка на Зямлі - яна жыла на Мадагаскары

Пасля дзесяцігоддзяў спрэчак, каманда навукоўцаў з Заалагічнага таварыства Лондана (Zoological Society of London (ZSL) нарэшце вызначыла I апісала самую вялікую птушку, якая калі-небудзь жыла на нашай планеце. Гіганцкая птушка атрымала таўталагічную назву - Vorombe titan (што значыць “вялізарная птушка” на мальгашскай і грэцкай мовах).

Гэтыя птушкі маглі быць распаўсюджаныя на Мадагаскары нават яшчэ ў гістарычны час, былі да 3 метраў вышынёй і важылі прыкладна 800 кг!

Да гэтага часу меркавалі, што ў двух радах т.зв. сланоўіх птушак магло быць нават да 15 відаў. Навукоўцы з ZSL параўналі і прамералі сотні костак, якія знаходзяцца ў розных музейных калекцыях па ўсяму свету. У выніку яны аб’ядналі 4 віды ў тры роды. Гэта першы падобны перагляд таксанаміі сямейства Aepyornithidae за апошнія 80 гадоў.

Сямейства аб’ядноўвае гіганцкіх нелятаючых птушак з Мадагаскара, якія жылі там прыкладна з позняга чацьвяртычнага перыяду. Раней вылучалі два рады: Aepyornis і Mullerornis. Першы апісаны від - Aepyornis maximus, лічыўся самай вялікай птушкай на Зямлі. Аднак пазней, у 1894 годзе, брытанскі палеантолаг C.W. Andrews апісаў нават большы памерамі від - Aepyornis titan, але многімі ён лічыўся толькі незвычайна вялікім прадстаўніком A. maximus. Цяпер навукоўцы з ZSL прыйшлі да той жа высновы, што і Эндрус – ён сапраўды апісаў асобны від. Не толькі з-за вялікіх памераў, але і з-за параўнальна вялікіх адрозненняў у форме знойдзеных костак птушкі, яе аднеслі да новага роду Vorombe.

Д-р Джэймс Гансфорд (Dr. James Hansford) сказаў: “Сланоўі птушкі былі найбольшымі прадстаўнікамі мадагаскарскай мегафауны, пра якіх мы ведаем. І іх значэнне для мясцовых экасістэм было большым, чым лемураў. Гэтак было таму, што вялікія памерамі птушкі кантралявалі расліннасць праз яе спажыванне і стратыфікацыю насення, якая адбывалася пасля праходжання яго праз іх стрававальны тракт. Таму востраў адчувае знікненне гэтых птушак дагэтуль”.

Сааўтар публікацыі і калега па ZSL прафесар Самуэль Тарві rof. Samuel Turvey) дадаў: “Без дастатковага разумення ранейшай біяразнастайнасці мы не зможам дастаткова поўна зразумець эвалюцыю ўнікальных экасістэм вострава і зразумець што і чаму знікла на Мадагаскары пасля прыбыцця туды чалавека. Не атрымаецца і правільна вызначыць як найлепш ахоўваць пазасталыя на востраве віды”.

Крыніца:

Unexpected diversity within the extinct elephant birds (Aves: Aepyornithidae), and a new identity for the world's largest bird, Royal Society Open Sciencersos.royalsocietypublishing.or … /10.1098/rsos.181295

 

Паводле www.phys.org (тэкст і малюнак- рэканструкцыя мастака) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

ЛЮДЗІ ЕЛІ ЭПІОРНІСАЎ НА МАДАГАСКАРЫ НАСАМРЭЧ НАВАТ 10500 ГАДОЎ ТАМУ

Навукоўцы знайшлі метад атрымаць ДНК са шкарлупіння яек вымерлых відаў птушак

Сучасныя метады паправілі ўяўленні пра вынішчэнне аўстралійскай мегафауны

Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі

Вызначаныя ўсё віды моа

МОА. Апошнія птушкі-гіганты.

Колер апярэння моа можна будзе аднавіць па структуры іх ДНК

Бліжэйшыя крэўныя ківі знойдзены на… Мадагаскары

Як не страціць дронта яшчэ раз: гісторыя пра яго вынішчэнне і знаходкі