 
    Міжнародная каманда даследчыкаў паспяхова ізалявала ДНК са шкарлупіння яек некалькіх відаў птушак, у тым ліку эпіорніса, або сланоўей птушкі, якая знікла стагоддзі таму. Часопіс The Proceedings of the Royal Society B паведамляе, што метад выдатна спрацаваў на эму, некалькіх відах качак і вымерлых моа. 
Новыя магчымасці цяпер адкрываюцца для палеантолагаў і эвалюцыйных біёлагаў – шмат для якіх груп птушак можна будзе прасачыць нюансы іх эвалюцыі нават пасля таго, як яны зніклі сотні ці тысячы год таму назад. 
    "Дагэтуль многія даследчыкі беспаспяхова спрабавалі ізаляваць ДНК з выкапнёвых кавалкаў шкарлупіння” – сказала Шарлота Оскам (Charlotte Oskam) з універсітэту Murdoch , штат Заходняя Аўстралія. "Аднак яны выкарыстоўвалі метады, якія пасуюць для касцяных парэшткаў, але не для шкарлупіння”. 
Пакуль што найбольшы поспех міжнароднай каманды навукоўцаў – атрыманае ДНК эпіорніса (Aepyornis) , нелятаючай птушкі, якая важыла каля 500 кг і, магчыма, была самай цяжкай птушкай у гісторыі нашай планеты. Эпіорніс выглядаў як вялізарны страус – яго вышыня дасягала трох метраў. Большасць эпіорнісаў знікла яшчэ тысячу гадоў таму. 
Археолаг Майк Паркер Пірсан (Mike Parker Pearson) з універсітэту Шэффілд спадзяецца на тое, што цяпер можна будзе больш даведацца пра прычыны знікнення гэтых птушак. Пакуль што яго звычайна звязваюць са знішчэннем людзьмі натуральных месцапражыванняў гіганцкіх птушак. Аднак загадка ў тым, што пакуль няма сведчанняў таго, што людзі палявалі на эпіорнісаў. "Няма нават доказаў, што старажытныя насельнікі Мадагаскару спажывалі яйкі эпіорнісаў, хаця з аднаго можна было прыгатаваць амлет на 30 чалавек” – кажа Пірсан. 
У мінулым годзе на адным з лонданскіх аўкцыёнаў яйка эпіорнісаў, адкладзенае яшчэ ў XVII стагоддзі, было прададзенае за £5000. 
    Першапачаткова яно ўтрымлівала нават зародак, але пасля таго, як упала і разбілася, пазней было ўзноўлена з кавалкаў шкарлупіння ўжо без яго. Апошні эпіорніс знік ужо ў гістарычны час, прыкладна ў сярэдзіне 1650-х гадоў.
Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 
На гэтую тэму:
Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі
Колер апярэння моа можна будзе аднавіць па структуры іх ДНК
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
 
     
  
   
 
 
КАМЕНТАРЫ