Выдатна захаваныя выкапневыя парэшткі істоты з адпячаткамі пер’еў, якія маюць ўзрост каля 160 мільёнаў гадоў, былі апісаныя навукоўцамі як невядомы да гэтага прадстаўнік адной з першых магчымых птушак пад назвай Aurornis, што значыць "продкавая птушка".
Нечаканая знаходка дапаможа не толькі лепш зразумець як з дыназаўраў утварыліся птушкі, але і як у іх мог паўстаць актыўны палёт. Артыкул пра старажытную птушку з’явіўся ў часопісе Nature magazine.
Aurornis xui – такое поўнае імя мае новаапісаная птушка, была знойдзена ў сланцавых плітах у знакамітых выкапневых адкладах правінцыі Liaoning.
Агульнай даўжынёй (ад канца дзюбы да канца хваста) каля 50 см, жывёла мае вельмі прымітыўныя рысы шкілету, якія дазваляюць змясціць знаходку ў самы пачатак радаслоўнага дрэва птушак – т.зв. avialans – групы, якая ўмоўна ўключае самых першых птушак ад часу іх аддзялення ад дыназаўраў.
Не так даўно Archaeopteryx, які амаль з часу яго першай знаходкі ў ХІХ стагоддзі лічыўся “першай сапраўднай птушкай”, быў аднесены да птушкападобных дыназаўраў як вынік дадатковых знаходак парэшткаў розных апераных дыназаўраў, знойдзеных у Кітаі.
Рэканструкцыя знешняга выгляду новаапісанага віду.
Аднак новая знаходка дала магчымасць упрасціць апошнія ўяўленні пра ўзнікненне актыўнага палёту ў птушак, таму што археаптэрыкс, які жыў прыкладна 150 мільёнаў гадоў таму, без сумненняў мог лятаць. Аднак яго перакваліфікацыя ў дыназаўры стварыла лагічную выснову, што актыўны палёт узнікаў у гэтай групе як мінімум двойчы: адзін раз у прымітыўных птушак і паралельна другі раз у птушкападобных дыназаўраў (да якіх адносілі археаптэрыкса).
"Справа ў тым, што "папярэднія філагенетычныя высновы будаваліся на аснове толькі прыкладна 200 марфалагічных характарыстык паміж парэшткамі, якія параўноўваліся. Ў нашай рабоце мы выкарысталі амаль 1500 розных марфалагічных рысаў” – растлумачыў д-р Паскаль Годэфро (Dr Pascal Godefroit) з Каралеўскага бельгійскага інстытуту прыродных навук (Royal Belgian Institute of Natural Sciences).
"Згодна з гэтым, нашмат больш дэталёвым аналізам-параўнаннем, археаптэрыкс ізноў лічыцца адным з продкаў птушак, як і новы выкапневы від, які нават больш прымітыўны за археаптэрыкса і жыў раней за яго”.
Таму і актыўны палёт мог узнікнуць у групе прымітыўных птушак аднойчы, і галоўныя змены ў розных структурах гэтай лініі эвалюцыі як раз і былі адаптацыі да палёту.
Паводле www.bbc.co.uk (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
НОВЫ ДЫНАЗАЎР ДАПАМАГАЕ ЗРАЗУМЕЦЬ ЯК ПАЎСТАЛА КРЫЛО ПТУШАК
ЯК ВЫКАРЫСТОЎВАЛІ ПЕР’Е ДЫНАЗАЎРЫ?
КРЫЛЫ ДЫНАЗАЎРАЎ УЗНІКЛІ ДЛЯ ШЛЮБНЫХ ПАКАЗАЎ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ