Дадатковая ежа, якую мы прапануем птушкам зімой, не грае для іх вялікай ролі

Дзякуючы арыгінальна прадуманым доследам у прыродзе, каманда амерыканскіх даследчыкаў паказала, што нават у дробных памерамі птушак не выпрацоўваецца залежнасць ад дадатковага харчавання, якое людзі прапануюць ім у зімовы час.

"Мы дагэтуль не ведаем пра тое, якія дакладна змены выклікае дабраахвотная падкормка птушак у іх папуляцыях, аднак наша апошняе даследаванне паказала, што ежа, якую мы прапануем дробным птушкам зімой з’яўляецца для іх дадатковай, а не асноўнай і таму не павялічвае іх залежнасць ад нашых сталовак” – сказаў Jim Rivers, эколаг з універсітэту штата Арэгон (Oregon State University (ЗША)) і адзін з аўтараў даследавання.

Сотні мільёнаў чалавек па ўсяму Свету рэгулярна прапануюць ежу для дзікіх птушак і іншых жывёл. Толькі ў ЗША такіх людзей налічваецца пад 50 мільёнаў і абарот ежы і адмысловых прыладаў (разнастайных птушыных сталовак) ацэньваецца ў гэтай краіне ў 4 мільярды даляраў штогод. Аднак увесь час выказваюцца сумненні ў неабходнасці падобнай дапамогі птушкам і гучаць перасцярогі наконт таго, што ў дзікіх жывёл можа выпрацавацца нездаровая залежнасць да такой ежы. Асабліва калі ў зімовы час або ў іншыя перыяды жыцця яны маюць абмежаваны доступ і час да прыроднай ежы, але патрабуюць шмат энергіі.

"Нежаданыя наступствы экстэнсіўнай і шырокараспаўсюджанай падкормкі для дзііх жывёл параўнальна добра вывучаныя як раз для птушак. З іх найлепш ужо вядомыя лёгкае распаўсюджанне хваробаў, перабудова лакальных супольніцтваў дзікіх жывёл і змены ў міграцыйных паводзінах. Знойдзены доказы і таго, што з-за гэтага можа змяняцца нават даўжыня дзюбы ў птушак. З іншага боку, вядомыя і пазітыўныя эфекты: паляпшэнне фізічнай кандыцыі, павелічэнне зімовай выжывальнасці і поспеху размнажэння птушак, якія пастаянна харчуюцца на сталоўках”- сказаў Rivers.

Падкормка дзікіх птушак найбольш папулярная і распаўсюджаная зімой у Паўночным паўшар’і. У гэты час марозы, снег і кепскае надвор’е, а таксама кароткі дзень моцна абмяжоўваюць даступнасць прыроднай ежы для птушак. Аднак доказаў таго, што птушкі становяцца залежнымі ад ежы на сталоўках, ці наадварот, не становяцца, не было.

Каб зразумець што адбываецца насамрэч, навукоўцы прымацавалі невялікія электронныя меткі-чыпы на 67 чорнагаловых сініц (Parus atricapillus), якіх падзялілі перад гэтым на тры групы. У птушак з першай групы моцна падрэзалі махавыя, у птушак з другой падрэзалі іх значна менш, а трэцяя група выступала ў якасці кантрольнай: у птушак з яе махавыя не падразалі зусім. Гэтыя маніпуляцыі з крыламі добра вядомыя, калі трэба павялічыць энергетычныя кошты палёта ў птушак.

Сініцы былі выпушчаныя назад у прыроду і на ўсіх з 21 птушынай сталоўцы на адлегласці ў 3,2 км паміж крайнімі, якія птушкі маглі наведаць, былі ўсталяваныя сканеры. Сканэры па чыпах на сініцах дакладна вызначалі асобін і лічылі колькі разоў кожная прыляцела на кожную са сталовак.

Чорнагаловыя сініцы былі абраныя для эксперымента таму, што яны дробныя птушкі з параўнальна вялікім запатрабаваннем на энергію, якія часта наведваюць птушыныя сталоўкі і за кожны прылёт бяруць адно насенне сланечніка каб адкрыць і з’есці яго недалёка ад сталоўкі. Гэта дазваляе дакладна падлічыць, наколькі ежа са сталоўкі важная для іх зімовага выжывання.

"Гэта ідэальны від для таго, каб ацаніць як змены ў энергетычным запатрабаванні зменяць паводзіны” – сказаў Rivers. "Аказалася, што спецыяльна ‘часова пакалечаныя’ намі сініцы, энергетычныя кошты якіх з-за абмежаваных здольнасцяў да палёта павялічыліся, не сталі прылятаць на сталоўкі часцей за птушкак з кантрольнай групы”.

Наадварот, сініцы з падстрыжанымі махавымі ў першыя тыдні пасля гэтай маніпуляцыі з іх апярэннем зменшылі частату прылётаў на сталоўкі – хутчэй за ўсё, каб зменшыць рызыку быць злоўленымі драпежнікамі, але потым прыляталі з частатой, падобнай да птушак з кантрольнай групы.

"Сініцы з падстрыжанымі махавымі паказалі, што могуць паспяхова знаходзіць прыродную ежу (бесхрыбетных, насенне і ягады) каб кампенсаваць свае павялічаныя энергетычныя запатрабаванні і не палагаюцца на сталоўку як на асноўную крыніцу ежы, толькі ад якой і залежаць” – сказаў Rivers. "Атрымалася, што птушкі не пачалі карыстацца больш з прапанаванай ім намі ежы нават тады, калі маглі атрымаць з гэтага найбольшую карысць”.

Папярэдні эксперымент, які ацэньваў значнасць для птушак дадатковага зімовага харчавання, быў зрболены 30 гадоў на гэтым жа відзе сініц. Ён заключаўся ў тым, што пасля 25 гадоў выкладання дадатковай ежы для іх, у адну з зімаў сталоўкі прыбралі і пасля гэтага аказалася, што зімовая выжывальнасць птушак з-за гэтага не зменшылася.


Крыніца: Janel L. Lajoie et al 2021 Experimentally induced flight costs do not lead to increased reliance on supplemental food in winter by a small songbird, Journal of Avian Biology (2021). DOI: 10.1111/jav.02782

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Карміць ці не карміць птушак узімку?

Знайшлі прычыну незвычайна маштабнага памору сініх сініц у Германіі

Птушыныя сталоўкі ў Вялікабрытаніі і Ірландыі змянілі месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак з кантыненту

Карміць птушак ці не?

Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання

Дзякуючы птушыным сталоўкам птушкі могуць хутка распаўсюджваць свае хваробы

Матэматычная мадэль паказала небяспекі нашага дадатковага харчавання для птушак

Вірус распаўсюджваецца сярод птушак Вялікабрытаніі

Сталоўкі для птушак змяняюць даўжыню дзюбы ў вялікіх сініц

УСЕ СІНІЯ СІНІЦЫ Ў ШАТЛАНДЫІ КАРЫСТАЮЦЦА ЕЖАЙ НА ПТУШЫНЫХ СТАЛОЎКАХ?