Лескі-чарнагалоўкі (Sylvia atricapilla) звычайна прылятаюць у Вялікабрытанію і Ірландыю вясной на гнездаванне, а ўвосень адлятаюць на зімоўку ў краіны Міжземнамор’я. Аднак у апошнія гады іх ўсё больш адзначаецца на Брытанскіх астравах і зімой. І міжнародная каманда даследчыкаў знайшла, што частка птушак не застаецца там на зімоўку, а прылятае з кантынентальнай часткі Еўропы.
Benjamin Van Doren, аспірант з Oxford's Department of Zoology, адзін з сааўтараў публікацыі па выніках даследавання, сказаў: "Мы былі вельмі здзіўлены тым, што знайшлі выразныя адрозненні ў марфалогіі лесак у залежнасці ад таго, як часта яны наведваюцца на птушыныя сталоўкі ў нашых садах. Напрыклад, у дарослых чорнагаловых лесак, якія часта прылятаюць харчавацца туды, было менш падскурнага тлушчу таму, што яны добра ведаюць, дзе знойдуць сабе ежу. Магчыма, што гэтая іх меншая маса робіць іх больш лоўкімі і яны здольныя лепш пазбягаць драпежнікаў”.
Даследаванні паказалі, што з-за шырокай даступнасці дадатковага харчавання на мностве птушыных сталовак, многія лескі з Аўстрыі і Германіі сталі прылятаць на зімоўку ў Вялікабрытанію і Ірландыю. Але акрамя гэтага, змяніліся і паводзіны птушак тут.
Лескі-чарнагалоўкі, якія зімуюць у Міжземнамор’і, харчуюцца там пераважна ягадамі ды іншымі сочнымі пладамі і для іх пошуку павінны параўнальна шмат пералятаць з месца на месца пасля таго, як даступная ім ежа змяншаецца з цягам зімы ці знікае. Аднак ў брытанскіх і ірландзкіх прыдамовых садах даступная ежа выкладваецца людзьмі на сталоўках рэгулярна і лескі, якія прыляцелі зімаваць туды, больш верныя абраным месцам зімоўкі і менш вымушаныя пералятаць з месца на месца ў пошуках харчавання.
Каманда навукоўцаў з універсітэту Оксфарда, Брытанскага траста для арніталогіі (British Trust for Ornithology, ВТО) (Вялікабрытанія) і Інстытута Макса Планка (Max Planck Institute) (Германія) выкарыстала дадзеныя, атрыманыя дзякуючы назіранням простых людзей на птушыных сталоўках. Для гэтага больш 600 лесак атрымалі індывідуальныя камбінацыі каляровых калец і параўнальна лёгка маглі быць адрознены адна ад адной. Акрамя гэтага, 32 лескі мелі мініятурныя геалакатары, дзякуючы запісам якіх атрымалі больш дэталёвую карціну іх перамяшчэнняў пад час міграцыі і зімоўкі.
Greg Conway, галоўны эколаг-даследчык з BTO і сааўтар даследавання, сказаў: "Гэтая работа стала выдатным прыкладам узаемадзеяння паміж шматлікімі ўдзельнікамі нашай штогадовай праграмы па назіранням за птушкамі зімой на сталоўках (Garden BirdWatch), кальцавальнікамі птушак і навукоўцамі”.
Аказалася, што лескі, якія зімуюць на Брытанскіх астравах і ў Ірландыі, маюць магчымасць хутчэй назапасіць патрэбны тлушч для вясновай міграцыі і вяртаюцца на кантынент у сярэднім на 10 дзён раней за лесак, якія зімуюць у іншых месцах. Акрамя гэтага, гэтыя птушкі мелі параўнальна даўжэйшыя дзюбы і больш кароткія і акруглыя крылы ў параўнанні з лескамі, якія зімуюць у Міжземнамор’і – хутчэй за ўсё гэтыя асаблівасці марфалогіі звязаны са значна меншай неабходнасцю пералётаў пад час зімоўкі і больш разнастайнай дыетай узімку на сталоўках.
У той час, як многія віды птушак не паспяваюць адаптавацца да тых зменаў у прыродзе і навакольным асяроддзі, якія ім навязвае чалавек, і змяншаюць сваю колькасць, некаторыя віды ўсё ж могуць гэта рабіць і выкарыстоўваюць перавагі ад нашай дзейнасці – як робяць гэта лескі-чарнагалоўкі, якія паступова павялічваюць сваю колькасць.
Крыніца: Benjamin M. Van Doren et al, Human activity shapes the wintering ecology of a migratory bird, Global Change Biology (2021). DOI: 10.1111/gcb.15597
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Дадатковае зімовае харчаванне змяніла месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак
Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання
Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?
Будучыня белых буслоў – наша смецце?
Брытанскія чайкі ведаюць, калі ў тамтэйшых вучняў перапынкі на ежу
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ