Дубальт вярнуўся ў Польшчу пасля таго, як праляцеў 2 тысячы км на поўдзень

Сучасныя тэхналагічныя прылады, памеры і кошты якіх змяншаюцца ўвесь час пасля з’яўлення ў 1990-я гады, дазваляюць усё больш даведацца пра асаблівасці жыцця птушак усё меншых памераў, асабліва пад час міграцый. Многія аспекты пералётаў дубальтаў (Gallinago media), якія здзіўляюць, сталі ўжо вядомыя, але яўна яшчэ не ўсе.

Дубальт мае глабальны статус амаль пагражаемага віду (NT – Near Threatened). У рамках шэрагу праектаў LIFE па вывучэнні і ахове гэтага віду кулікоў, якія рэалізоўваліся ў апошнія гады і яшчэ працягваюцца ва Усходняй Польшчы, на шэраг птушак былі змешчаныя спадарожнікавыя перадатчыкі. Гэтыя прылады не толькі дазволілі ўдакладніць цікавую стратэгію пералётаў віда на месцы зімоўкі і вяртання на месцы гнездавання, але і даведацца пра іншыя перамяшчэнні птушак.

Самым незвычайным з іх стала вяртанне аднаго з дубальтаў з перадатчыкам, які сёлета 03.08 выляцеў з паўночнага ўсходу Польшчы і праз два дні праляцеў трошкі больш за 2000 км у Паўночную Сербію. Аднак там чамусьці вырашыў вярнуцца і 06.08 выляцеў назад у Паўночна-Усходнюю Польшчу, дзе і знаходзіцца ў мясцовасці Kurpie з 08.08..

Цікава, што вышыня пералёту птушкі сягала 3.500 метраў над узроўнем мора, а хуткасць (з дапамогай спадарожнага ветру) дасягала нават 119 км у гадзіну! Што з гэтым дубальтам будзе далей і пра магчымую прычыну вяртання птушкі хутчэй за ўсё таксама дапаможа даведацца спадарожнікавы перадатчык.

Паводле Natura International Polska (тэкст і мапа падарожжа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

ДУБАЛЬТЫ ПАД ЧАС МІГРАЦЫІ МОГУЦЬ ЛЯЦЕЦЬ НА ВЫШЫНІ АД 6 ДА АМАЛЬ 9 КМ!

Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці! + VIDEO

Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый

АРКТЫЧНЫЯ ПЯСОЧНІКІ “ДЗЕЛЯ СЭКСУ” НЕ ХОЧУЦЬ СПАЦЬ І ГАТОВЫ ПРАЛЯЦЕЦЬ 13 ТЫСЯЧ ДАДАТКОВЫХ КІЛАМЕТРАЎ + VIDEO