Арктычныя пясочнікі “дзеля сэксу” не хочуць спаць і гатовы праляцець 13 тысяч дадатковых кіламетраў + VIDEO

арктычныя пясочнікі

Невялікія кулічкі дзякуючы сучасным маштабным даследаваням з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў былі знойдзены гатовымі на далёкія пералёты, каб мець як мага больш партнёрак на працягу параўнальна кароткага арктычнага лета.

Вядома, што ў Арктыцы летам пануе кругласуткавы дзень. Аднак сезон размнажэння там вельмі кароткі і працягваецца толькі ад 4 да 6 тыдняў. Самцы артычнага пясочніка (Calidris melanotos) вельмі своеасабліва выкарыстоўваюць гэты час: самы “сэксуальна азабочаны” з іх за месяц пасля прылёту на месцы гнездавання праляцеў яшчэ 13 045 км, каб наведаць 24 розныя месцы такавання і паспрабаваць там “свае сілы”!

Вынікі незвычайнага даследавання былі апублікаваныя ў часопісе Nature.

“Самцы стараюцца зменшыць час на сон і спрабуюць прыцягваць да сябе ўвагу самак амаль нон-стоп па ўсёй бяскрайняй Арктыцы пад час лета, каб паспяхова размнажацца”  - кажа адзін з аўтараў публікацыі Барт Кемпенаэрс (Bart Kempenaers) з Max Planck Institute for Ornithology (Seewiesen, Германія).

Сярэдняя адлегласць падобных шлюбных пералётаў самцоў была 3000 км (гэта больш, чым адлегласць з Парыжу да Масквы). Аднак перад гэтым арктычныя пясочнікі (з даўжынёй цела каля 21 см і вагой каля 100 г) яшчэ вяртаюцца ў арктычную тундру з Паўднёвай Амерыкі, дзе яны зімуюць!

“Перад тым, як у нас атрымалася зрабіць гэта адкрыццё, было прынята думаць, што гэтыя птушкі (самцы і самкі) вяртаюцца пасля зімоўкі ў адно канкрэтнае месца, дзе і гняздуюць у гэтым сезоне” – сказаў Барт. Усяго перадатчыкамі было пазначана 120 самцоў пясочнікаў.

 

https://youtu.be/cnOUHaD1hdo

 

У 2012 г. 60 самцоў пясочнікаў атрымалі на спіны перадатчыкі тыпу PTT, якія важаць 5 грам. Калі даследаванне паўтарылі на яшчэ 60 самцах у 2014, агульныя вынікі атрымаліся падобныя. Аднак было і шмат новага. Як бачна з прыкладзенага відэа, пасля вяртання зімы на мыс Barrow на прыканцы мая – у пачатку чэрвеня, калі тундра амаль цалкам пакрылася снегам і льдом, усе самцы пакінулі гэтае месца для параўнальна кароткага пералёту (некалькі сотняў км) у паўднёва-заходнім кірунку. Праз некалькі дзён, яны паляцелі назад, але толькі адзін з іх вярнуўся на мыс. Гэта можа азначаць, што большасць самцоў не выбірае нейкае канкрэтнае месца, дзе яны такуюць перад самкамі. Другой новай інфармацыяй стала тое, што ў 2012 годзе большасць пазначаных перадатчыкамі самцоў з Аляскі паляцелі далей у расійскую Арктыку, тады як праз два гады – у супрацьлеглым кірунку - ў яе канадскую частку. Гэта можа быць як выпадковым, так і залежаць ад асноўнага напрамку вятроў. Калі апошняе, то гэта значыць, што самцы арктычнага пясочніка не маюць мэты дасягнуць нейкага канкрэтнага месца, а стараюцца мінімізаваць свае энергетычныя расходы на пералёты ў патэнцыйна дасяжныя месцы гнездавання.

 

мапа

Перамяшчэнні арктычных пясочнікаў толькі за адзін дзень - 4 чэрвеня 2012 г. Мапа з natureecoevocommunity.nature.com

 

Як і ў многіх іншых палігамных відаў кулікоў, тыя з самцоў, якія выбіраюць для размнажэння толькі адно месца, маюць невялікія шанцы на тое, што заставяць патомкаў. “Мы думаем, што від выпрацаваў такую стратэгію, каб павялічыць свае шанцы на размнажэнне: калі яны недастаткова добрыя /для самак/ тут, яны проста пералятаюць у наступнае” – кажа Барт Кемпенаэрс.  

Кругласутачны дзень таксама па-максімуму выкарыстоўваецца самцамі для размнажэння: дзякуючы адмысловым датчыкам атрымалася ўбачыць, што адзін з самых актыўных самцоў не спаў 90% часу штосуткі, а ўсе самцы, за якімі назіралі, мелі вельмі фрагментаваны сон з сотнямі эпізодаў па 15-35 секунд. І назіранні з 2008-09 гг паказалі, што такая стратэгія мае вялікі сэнс: найбольш актыўныя самцы мелі не толькі больш капуляцый з самкамі ўвогуле, але і з рознымі самкамі, і, як вынік, мелі больш патомкаў.  Найбольш паспяховы з іх меў ажно 22 птушаняты з 6 рознымі самкамі!

Каб праверыць генетычную разнастайнасць птушанят з розных вывадкаў, мы стараліся знайсці ўсе гнёзды і замянялі поўныя кладкі (з (3) 4 яек) на яйкі з дрэўна. Яйкі ж змяшчаліся ў інкубатар, дзе з іх вылупляліся малыя кулічкі, ў якіх вызначаўся генатып пасля забору невялікай пробы крыві і яны паспяхова вярталіся самкам і прымаліся імі для далейшага дагляду. Зразумела, што пасля адлову перад размяшчэннем перадатчыкаў падобную працэдуру па забору генетычнага матэрыялу праходзілі і самцы пясочнікаў.

Хутчэй за ўсё знойдзены мезханізм “шлюбных пералётаў” самцоў кулікоў паміж рознымі месцамі гнездавання на працягу аднаго сезона размнажэння з’яўляецца даволі ўніверсальным і параўнальна шырока распаўсюджаным.

 

Паводле  www.theguardian.com і natureecoevocommunity.nature.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак: AFP/Getty Images

 

 

На гэтую тэму:

Знойдзена самая сексуальная птушка ў Свеце

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

Хто менш спіць, мае больш дзетак

Птушкі паказалі эвалюцыйныя перавагі закаханасці

Даказана: ў баталёнаў морфа самца вызначаецца генетычна

Памры маладым, але застаў шмат патомкаў

У птушак адкрыты “ген Казановы”