Самкі птушак пад час выбару партнёра пераборлівыя, але вынаходлівыя

У сямейных адносінах зебравых амадзін (Taeniopygia guttata) у апошнія гады былі зроблены цікавыя адкрыцці, і вось атрымалася зрабіць яшчэ адно, магчыма самае нечаканае. Каманда даследчыкаў з Інстытуту арніталогііі імя Макса Планка (Max Planck Institute for Ornithology, Германія) знайшла, што самкі гэтага віду параўнальна кансерватыўныя ў выбары партнёра для гнездавання, нават калі канкурэнцыя за самцоў вялікая. Аднак тады яны выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя стратэгіі размннажэння.

Перавагі ці адрозненні паміж самцамі, на аснове якіх самкі выбіраюць партнёраў, лічацца драйверамі палавога адбору сярод самцоў. Аднак калі канкурэнцыя за самцоў інтэнсіўная, занадта пераборлівыя самкі рызыкуюць застацца без партнёра для размнажэння. Адбор супраць занадта патрабавальных да патэнцыйнага партнёра самак будзе асабліва дзейсным у манагамных відаў, таму што для падобных занадта пераборлівых самак застацца ўвогуле без самца азначае і не перадаць далей свае гены патомкам. Каб даследаваць паводзіны самак пад час і пасля выбару імі самцоў, навукоўцы выбралі манагамны від, у якога знойдзены яўныя адрозненні, ці дыялекты, у вакалізацыі – зебравую амадзіну. Самкі амадзін звычайна выбіраюць для размнажэння самцоў з таго ж рэгіёну, адкуль паходзяць самі па адрозненнях у спевах.

Для правядзення даследавання былі выбраныя птушкі з 4 рознымі вакальнымі дыялектамі. Усіх амадзін змясцілі ў 10 авіярыяў па 12 самцоў і самак у кожным, прычым самцы былі з розных рэгіёнаў. Такім чынам атрымалася, што самцы з двума рознымі дыялектамі былі прадстаўлены ў кожным авіярыі ў адносінах 2 да 1 (8 да 4). І таму 4 самкі маглі выбраць сярод 8 самцоў (слабая канкурэнцыя), тады як пазасталыя 8 самак павінны былі канкураваць за 4 самцоў (моцная канкурэнцыя).

У выніку атрымалася, што 31% самак ва ўмовах моцнай канкурэнцыі выбралі самца з іншым дыялектам, тады як 26% самак з гэтай жа групы засталіся без партнёраў. Аднак пазней аказалася, што самак з абодвух гэтых груп у сярэднім выляцела столькі ж птушанят, як і ў парных птушак з групы са слабай канкурэнцыяй за самцоў! Гэта стала магчымым таму, што яны выкарысталі альтэрнатыўныя стратэгіі размнажэння: самкі, якія выбралі самцоў з іншым дыялектам часта справаліся з самцамі з іншых пар са сваім дыялектам, а самкі без яўнага партнёра не толькі спарваліся з чужымі самцамі, але займаліся гнездавым паразітызмам (падкідвалі свае яйкі парным амадзінам).

Публікацыя па выніках даследавання першая, якая дэманструе магчымыя кошты для занадта пераборлівых самак пры выбары партнёраў. Вынаходлівасць і пластычнасць паводзін можа змяняць эвалюцыю выбару самкі і палавога адбору для самца ў манагамных відаў.

Д-р Forstmeier, першы сааўтар артыкула, дадаў: "Наша даследаванне задало пытанне “як сабе радзяць самкі ў сытуацыі, калі іх выбар партнёра цяжка задаволіць? І адказ быў: больш паспяхова, чым можна было б чакаць”.


Крыніца: Forstmeier W, Wang D, Martin K, Kempenaers B (2021) Fitness costs of female choosiness are low in a socially monogamous songbird. PLoS Biol 19(10): e3001257. doi.org/10.1371/journal.pbio.3001257

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.audubon.org

 

 

На гэтую тэму:

Птушкі паказалі эвалюцыйныя перавагі закаханасці

Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў

Самцам, якія добра даглядаюць патомства, амаль не страшныя здрады самак

Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця

Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак

Даказана: спарванне па-за парай часам адзіная магчымасць мець патомства

Пасля няўдачы з першым партнёрам, сініцы шукаюць у дадатак да яго іншых