Самцам, якія добра даглядаюць патомства, амаль не страшныя здрады самак

Капуляцыі па-за парай (extra-pair copulations, EPC), таксама як і ўнутрывідавы гнездавы паразітызм (intraspecific brood parasitism (IBP)) - частыя стратэгіі, якія выкарыcтоўваюцца птушкамі, каб павялічыць уласны поспех размнажэння. Аднак, як аказалася, яны не заўсёды выгадныя для самак. Менавіта гэта атрымалася паказаць на прыкладзе сямейнага жыцця белашчокіх рыбачак (Chlidonias hybridus).

Капуляцыі па-за парай (ЕРС), хаця і цікавыя самі па сабе, аднак могуць не весці да бацькоўства па-за парай (еxtra-pair paternity (EPP)) —калі бацькай часткі птушанят у вывадку з’яўляецца іншы самец, чым той, які быў абраны самкай для стварэння пары і размнажэння. Абедзьве стратэгіі, ЕРР і ІВР, даволі звычайныя сярод птушак. Канцэпцыі, якія тлумаць іх карысць паважна змянілі парадыгму ў нашых уяўленнях пра эвалюцыю ў стратэгіях размнажэння птушак (Petrie and Møller 1991; Chaine et al. 2015). У наш час знойдзена шмат сведчанняў таго, што сацыяльныя і генетычныя сістэмы размнажэння ў многіх відаў не ідэнтычныя сабе. EPP было знойдзена ў больш, чым 75% сацыяльна манагамных відаў на ўзроўні каля 10% патомкаў і каля 20% вывадкаў. Аднак у некаторых відаў вераб’іных ЕРР дасягае нават больш паловы птушанят!

Унутрывідавы гнездавы паразітызм (IBP) быў даказаны для больш, чым 200 відаў птушак, аднак хутчэй за ўсё сустракаецца і ў многіх іншых. Галоўная праблема з яго вызначэннем – неабходнасць правядзення маштабных генетычных даследаванняў па вызначэнні бацькоўства. Доля IBP параўнальна высокая ў вывадковых птушак, але таксама лічыцца даволі звычайнай з’явай і сярод каланіяльных відаў. У некаторых відаў гэта ўвогуле шырока распаўсюджаныя паводзіны: так, ў скальных ластавак (Petrochelidon pyrrhonota), якія гняздуюць каланіяльна доля гнёзд з чужымі яйкамі дасягае 33%, а ў амерыканскіх лысак (Fulica аmericana) нават 41% кладак маюць падкідышаў!

Польска-амерыканская каманда даследчыкаў вырашыла праверыць долі EPP і IBP у калоніях белашчокай рыбачкі ў сезоны размнажэння ў 2006–10 і 2013–15 гг. Птушкі гнездавалі на рыбаразводных ставах у вярхоўях Віслы (Паўднёвая Польшча). У выпадкова выбраных 5-20% гнёзд з 14 калоній, кожная з якіх налічвала ад 20 да 60 пар, правяралі бацькоўства патомства генетычнымі метадамі. Усяго атрымалася сабраць інфармацыю для 56 сямей рыбачак. Белашчокія рыбачкі – каляводныя  каланіяльна гняздуючыя, сацыяльна манагамныя птушкі з птушанятамі полувывадковага тыпу.

Адначасова праводзіліся назіранні за прыносам ежы на гнёзды рыбачак і аказалася, што ў сярэднім кожны 10-ы прынос ежы самцом быў спробай абмяняць рыбку на капуляцыю з чужой самкай. Тым не менш, у большасці выпадкаў самкі стараліся вырваць сабе падарунак, але не дапусціць да капуляцыі з чужым самцом. Толькі 0,6% падобных спробаў скончыліся капуляцыямі. Але ў некаторых відаў падобныя здрады адбываюцца не каля гнязда, а недзе далей ад яго і так, каб партнёр гэтага не бачыў. Таму адных назіранняў на калоніі яўна замала, каб дакладна вызначыць долю патомкаў ад іншых самцоў.

Абодва з партнёраў інкубуюць кладку, грэюць і кормяць птушанят. Аднак па меры іх роста і развіцця адбываюцца ўнікальная падзея для чаек і крычак: амаль усе самкі кідаюць вывадак і партнёра і ён вымушаны самастойна дакармліваць птушанят і пасля вылету іх з гнязда, - часта гэта займае ў самца да трох тыдняў. Каб кампенсаваць адсутнасць самкі, самец павялічвае інтэнсіўнасць прылётаў з ежай для птушанят.

Таму навукоўцы дапусцілі, што ў гэтага віда доля здрад самак будзе невялікай - у птушак з інтэнсіўным удзелам самцоў у гадаванні вывадка, самкі рэдка прабуюць капуліраваць па-за парай. Справа ў тым, што самцы могуць зменшыць свой уклад ў дагляд патомства ад нявернай самкі.

Згодна з дапушчэннямі, доля птушанят з капуляцый з-па за пары атрымалася невялікай, і ў залежнасці ад метада вызначэння бацькоўства выйшла ад 1,4 да 3,6% (і адзначана на 3,6 -8,9% гнёздах). Доля падкідышаў з яек, падкінутых на чужыя гнёзды, таксама аказалася параўнальна невялікай: ад 3,6 да 6,4% ад усіх птушанят (і адзначаны яны былі на 8,9-14,3% гнёздаў).

Крыніца: Ledwoń, M., Szczys, P. Extra-pair paternity in a species with frequent extra-pair courtship feedings, few extra-pair copulations, and male-biased parental care. J Ornithol (2021). https://doi.org/10.1007/s10336-021-01954-1

Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Аляксандра Эрдмана

 

 

На гэтую тэму:

Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця

Ежа ў абмен на абяцанне капуляцыі, або як самкі падманваюць чужых юрлівых самцоў

Асаблівасці росту і развіцця птушанят белашчокай рыбачкі

Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак

Даказана: спарванне па-за парай часам адзіная магчымасць мець патомства

Лыскі адрозніваюць сваіх птушанят ад чужых

Пасля няўдачы з першым партнёрам, сініцы шукаюць у дадатак да яго іншых

Cамкі снежных зуйкоў усё роўна добрыя мамы, нават калі кідаюць сваіх птушанят?