Даказана: спарванне па-за парай часам адзіная магчымасць мець патомства

Спарванне па-за парай параўнальна часта сустракаецца ў сацыяльна манагамных відаў птушак. Аднак перавагі падобных паводзін для самак застаюцца не заўсёды зразумелымі. Адна з гіпотэз, якая тлумачыць часты ўдзел самак у капуляцыях па-за парай (extrapair copulations (EPCs)) кажа пра тое, што так самкі могуць быць упэўненымі, што іх кладка будзе заплоднена нават у выпадках, калі асноўны партнёр стэрыльны. Нямецкія навукоўцы на прыкладзе сініх сініц (Cyanistes caeruleus) паказалі, што прынамсі для часткі выпадкаў EPC гэта правільнае тлумачэнне.

Дадзеныя па папуляцыйнай структуры і гнездавой біялогіі сініх сініц збіралі з 2007 году у невялікім лісцевым лесе на поўдні Германіі. Усяго на 40 га тут было размешчана 277 дуплянак, з якіх займаліся сініцамі штогод ад 56 да 176 скрыняў. Штовесну кожная гнездавая скрыня правяралася (ці занятая яна птушкамі) і адзначаўся этап гнездавання для вызначэння дат наступных праверак і збору асноўных дадзеных. Кожная гняздуючая тут дарослая птушка паступова адлаўлівалася, у яе бралі кроў, таксама як і ва ўсіх птушанят узростам прыкладна 2 тыдні – перад іх вылетам з гнязда. Таксама збіраліся усе памерлыя птушаняты і яйкі, з якіх ніхто не вылупіўся.

Дзякуючы гэтаму было магчымым вызначыць бацькоўства для ўсіх птушанят, таксама як і прычыну таго, чаму з некаторых яек ніхто не вылупіўся.

Тры гады запар, у 2017-19 гг., у папуляцыі гнездаваў з трыма рознымі самкамі афертыльны самец. У першым выпадку ўсе яйкі яго самкі былі заплодненыя іншым самцом дзякуючы ЕРС, на якое пайшла партнёрка. У наступным годзе ўся кладка яго партнёркі была з балтуноў, таму што ніводнае з яек, адкладзеных самкай, не ўтрымлівала сперматазоідаў. У трэці год самка адклала две кладкі, якія былі заплодненыя дзякуючы ЕРС з іншым самцом.

Перавагі ў большай колькасці магчымых патомкаў зразумелыя для самцоў, якія ўдзельнічаюць у ЕРС. Для самак перавагі з-за выкарыстання ЕРС менш зразумелыя, таму што колькасць іх патомкаў ніяк не звязаная з колькасцю самцоў, з якімі яны капулююць, а звычайна толькі з колькасцю яек, якія яны могуць адкласці  ў сезон гнездавання. Аднак самкі часта ўдзельнічаюць у ЕРС і каб растлумачыць гэта, быў прапанаваны шэраг гіпотэз з магчымымі прамымі перавагамі для самак, ускоснымі (генетычнымі) і генетычнымі абмежаваннямі.

Адной з самых вядомых гіпотэз застаецца сфармуляваная ў 1991 годзе Wetton’ам і Parkin’ым пра тое, што для самак кароткажывучых відаў вельмі важна быць упэўненымі, што ў выпадку бясплоднага самца-партнёра дзякуючы ЕРС яны не прапусцяць бескарысна гнездавы сезон нават адклаўшы поўную кладку. Калі ўлічваць, што афертыльныя самцы могуць сустракацца параўнальна часта, а для самкі ўдзел у ЕРС можа мець параўнальна мала адмоўных вынікаў, натуральны адбор падтрымлівае ЕРС і для самак.

Крыніца: Peter Santema, Kim Teltscher, Bart Kempenaers (2020) Extrapair copulations can insure female blue tits against male infertility. J. of Avian Biology. https://doi.org/10.1111/jav.02499

Паводле www.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Дэталёвае вывучэнне жыццёвага цыклу сініц дало не зусім чаканыя вынікі

Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак

Пасля няўдачы з першым партнёрам, сініцы шукаюць у дадатак да яго іншых

Чаму ў старэйшых самцоў больш пазашлюбных патомкаў?

Ежа ў абмен на абяцанне капуляцыі, або як самкі падманваюць чужых юрлівых самцоў

Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця