Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак

Новае даследаванне паказала, што самцы дамовага вераб’я (Passer domesticus), якія маюць аснаванні сумнявацца ў вернасці сваіх партнёрак, прыносяць менш ежы птушанятам ад такога шлюбу.

Звычайна вераб’і выкарыстоўваюць для размнажэння і гнездавання монагамныя саюзы, аднак многія самкі стараюцца спарыцца з іншымі самцамі. Гэтая з’ява даўно вядомая арнітолагам не толькі ў вераб’ёў і мае ўласную назву EPC (extra-pair copulation). Біялагічны сэнс нявернасці ў шлюбе звычайна тлумачаць для самцоў магчымасцю заставіць больш разнастайных генетычна патомкаў у большай колькасці, тады як для самак важным можа быць менавіта першае – генетычная разнастайнасць патомства ад розных самцоў.

Аднак як і за ўсё ў жыцці, за нявернасць прыходзіцца плаціць. І, як аказалася, падманутыя самцы прыносяць у гняздо меншую колькасць ежы. І гэтым назіранням ёсць два альтэрнатыўныя тлкмачэнні: 1) падманутыя самцы ведаюць аб “здрадах” сваіх партнёрак, падазраюць, што не ўсе птушаняты ў гняздзе – іх патомкі і таму прыносяць менш ежы і 2) у лянівых самцоў, якія прыносяць менш ежы, самкі страюцца займець партнёраў “збоку”.

На працягу 12 год міжнародная каманда даследчыкаў з Вялікабрытаніі, Германіі і Аўстраліі збірала дадзеныя пра гнездавое жыццё дамовых вераб’ёў на востраве Lundy і цяпер прыйшла да высновы, што самцы гэтага віду прымаюць рашэнне аб “нормах забеспячэння” птушанят на аснове тэндэнцыі сваіх партнёрак да падману. 

Д-р Джулія Шродэр (Dr Julia Schroeder) з факультэту навук аб жыцці Imperial College London сказала: "Самцы мянялі свае паводзіны на аснове паводзін партнёркі. Яны не маглі вызначыць ці некаторыя з птушанят паходзяць не ад іх і таму засноўваліся на сваім даверы да самкі. Там, дзе не было сумневаў у яе чэснасці, самцы прыносілі больш ежы сваім патомкам. Калі ж пад час перыяду фертыльнасці самкі, напрыклад, доўгі час не было на гняздзе, то самец меў усе падставы падазраваць яе ў нявернасці.”

Пад час даследавання назіралі за 200 самцамі і 194 самкамі, якія ўтварылі 313 унікальных монагамных пар і выгадавалі 863 вывадкі на востраве. Зрэдку былі выпадкі змены партнёра пад час гнездавання, але часцей яны адбываліся з-за смерці партнёра.

Каманда вызначыла генатып кожнага вераб’я, што дазволіла  стварыць вельмі дакладныя “сямейныя дрэвы” і даведацца якія з самак заставаліся вернымі, а хто падманваў свайго партнёра. "Востраў Lundy – ўнікальная прыродная лабараторыя, таму гэта амаль закрытая сістэма – вельмі мала птушак пакідаюць востраў альбо прылятаюць сюды з вялікай сушы. За 12 год нашых даследаванняў тут з’явіліся толькі 4 новыя птушкі – хутчэй за ўсё выкарысталі для падарожжа спадарожныя лодкі” – сказала д-р Шродэр.

Міжнародная каманда працягвае даследаванні вераб’ёў на востраве, каб зразумець як магла ўзнікнуць монагамія ў птушак.

Крыніца:

Schroeder J, Hsu Y-H, Winney I, Simons M, Nakagawa S & Burke T. 2016. Predictably Philandering Females Prompt Poor Paternal Provisioning. The American NaturalistDOI: 10.1086/687243

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца дамовага вераб’я Мікалая Вераб’я

 

На гэтую тэму:

ХТО КАГО ВЫБІРАЕ Ў ВЯЛІКІХ СІНІЦ І ЧАМУ?

ПТУШКІ ПАКАЗАЛІ ЭВАЛЮЦЫЙНЫЯ ПЕРАВАГІ ЗАКАХАНАСЦІ

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

У птушак адкрыты “ген Казановы”  

Знойдзена самая сексуальная птушка ў Свеце

КАНФАРМІЗМ І НОНКАНФАРМІЗМ У ПТУШАК НА ПРЫКЛАДЗЕ ВЯЛІКІХ СІНІЦ

ДАКАЗАНА: САМКІ ВЯЛІКІХ СІНІЦ МАЮЦЬ ЛЕПШУЮ ПАМЯЦЬ, ЧЫМ САМЦЫ

Старыя самкі сініц горшыя?