Cамкі снежных зуйкоў усё роўна добрыя мамы, нават калі кідаюць сваіх птушанят?

У снежных зуйкоў (Charadrius nivosus) самкі часта ламаюць нашы стэрэатыпы пра ролі розных палоў. Яны часта кідаюць сваё патомства на самца і пачынаюць новую кладку з іншым партнёрам, тады як самцы гадуюць птушанят да дасягнення імі незалежнасці.

Міжнародная каманда навукоўцаў, якую ачольвалі прадстаўнікі Інстытута арніталогіі імя Макса Планка (Max Planck Institute for Ornithology)(Германія), вырашылі лепш зразумець якім чынам самкі зуйкоў прымаюць рашэнне пра працягласць свайго дагляду птушанят.

Даследчыкі прааналізавалі паводзіны абодвух бацькоў і выжыванне больш чым 260 вывадкаў снежнага зуйка на працягу 7 сезонаў гнездавання. З гэтай колькасці больш 70% вывадкаў былі кінуты самкамі праз нейкі час пасля вылуплення птушанятаў. І хаця часам аднаго з бацькоў дастаткова, каб выгадаваць малых, бо кулікі – вывадковыя птушкі і птушаняты самі знаходзяць сабе ежу, аднак параўнальна працяглы час ім патрэбны дагляд ад драпежнікаў і нават абагрэў дарослай птушкі.

З нашага пункту гледжання кідаць сваё патомства пасля таго, як бацькі параўнальна шмат заінвеставалі каб яго мець, выглядае жорсткім і безсэнсоўным. Аднак тэарэтычна і эксперыментальна было паказана, што часта гэта ўсё роўна мае сэнс, калі спрабаваць размнажацца яшчэ раз у тым самым сезоне, асабліва калі адбываецца застаўленне непаспяховага вывадка.

Снежныя зуйкі часта гняздуюць на вільготных саланчаках і па берагах салёных азёр унутры сушы. Гэта вельмі непастаяннае асяроддзе – часта калужыны ў такіх месцах высыхаюць і тады вывадкі гінуць ад голаду. "Самцы маюць меншую смяротнасць на любой стадыі” – сказаў Clemens Küpper, адзін з даследчыкаў. "Хаця доля самак і самцоў, якія вылупляюцца з яек, аднолькавая, сярод дарослых птушак існуе перавага ў колькасці самцоў”.

З-за таго, што самак менш, ім лягчэй знайсці партнёра нават для другой кладкі. З-за гэтага ролі палоў адваротныя звычайным: самцы даглядаюць за птушанятамі да часу калі тыя навучацца лятаць, тады як самкі часта кідаюць сваё патомства на самцоў і шукаюць новага партнёра для паўторнай спробы гнездавання ў тым жа сезоне.  

Такім чынам, ці памыляюцца самкі, калі выбіраюць падобную стратэгію размнажэння? Даследчыкі знайшлі, што імавернасць быць кінутымі самкай у птушанят была найбольшай у першыя дні пасля вылуплення – для самак гэта мае сэнс, таму што павялічваюцца шанцы знайсці другога партнёра і паспяхова спрабаваць гнездаваць яшчэ раз. Змены ў колькасці птушанят таксама павялічвалі гэтую імавернасць: калі птушаняты пачыналі гінуць, самкі спрабавалі размножыцца з іншым партнёрам, бо заставацца далей з першым траціла для іх сэнс.

Даследчыкі вызначылі 2 асноўныя прычыны таго, што самкі кідаюць свой вывадак на самца і шукаюць новага партнёра. Першая: калі самкі бачаць, што самец самдасць рады з клопатамі пра птушанят і яны могуць пачынаць другую спробу размнажэння ў тым жа сезоне. Другая: птушаняты пачынаюць гінуць, негледзячы на тое, што абодва з бацькоў клапоцяцца пра іх. Гэта значыць, што ўмовы наваколля такія кепскія, што ўдзел самкі ў гадаванні птушанят мала што змяняе на іх карысць. Тады таксама мае сэнс спрабаваць яшчэ раз, з іншым партнёрам. "Атрымліваецца, што самкі вельмі пластычна сябе паводзяць і гэта мае сэнс” – сказала Krisztina Kupán, галоўная аўтрака артыкула па выніках даследавання. "Яны вельмі адчувальныя да навакольнага асяроддзя і застаюцца з першым вывадкам толькі калі сапраўды могуць дапамагчы птушанятам выжыць”.


Крыніца: Krisztina Kupán et al, Offspring desertion with care? Chick mortality and plastic female desertion in Snowy Plovers, Behavioral Ecology (2020). DOI: 10.1093/beheco/araa141

 

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

ЗУЙКІ РАССТАЮЦЦА З ПАРТНЁРАМ ПАСЛЯ ЎДАЛАГА ГНЕЗДАВАННЯ, А НЕ НААДВАРОТ - ЯК ІНШЫЯ ПТУШКІ

Самцы ў рэмезаў лепшыя бацькі, чым самкі?

Стратэгія размнажэння – першым кінуць сваё гняздо

Пасля няўдачы з першым партнёрам, сініцы шукаюць у дадатак да яго іншых

Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця