Вялікая міжнародная каманда навукоўцаў, якая вывучае кулікоў, знайшла, што паспяховая пара партнёраў у зуйкоў хутчэй за ўсё распадзецца ў адрозненне ад пары, якая гнездавала няўдала. Гэта стратэгія супрацьлеглая той, якую выкарыстоўвывае большасць іншых відаў птушак, якія звычайна расстаюцца з партнёрам пасля няўдачы пад час гнездавання.
Даследчыкі на чале з прадстаўнікамі ўніверсітэту Bath (Вялікабрытанія) вывучалі паводзіны пад час сезону гнездавання 8 відаў зуйкоў – прадстаўнікоў роду Charadrius у 14 розных папуляцыях на розных кантынентах.
Зуйкі адкладваюць ад 2 да 4 яек на кладку і могуць рабіць нават да 4 спробаў за сезон гнездавання.
Птушаняты зуйкоў становяцца незалежнымі ад бацькоў прыкладна праз месяц пасля вылуплення. У большасці відаў і самка, і самец даглядаюць птушанят, аднак у некаторых відаў адзін з партнёраў пакідае сям’ю каб пачаць новую спробу гнездавання з новым партнёрам.
Аказалася, што пары, якія паспяхова выгадавалі птушанят, хутчэй за ўсё распадуцца, тады як непаспяховыя пары хутчэй за ўсё застануцца і паспрабуюць гнездаваць яшчэ раз у тым самым складзе. Прычым самкі часцей кідалі гняздо, чым самцы і ў такіх самак было больш патомкаў у сезоне, чым у “верных” свайму партнёру. Зуйкі, якія шукалі новых партнёраў, разляталіся на параўнальна вялікую адлегласць.
Знойдзеная заканамернасць забяспечваецца не столькі канкрэтным відам зуйкоў, колькі цэлым шэрагам фактараў: канкрэтнымі суадносінамі палоў дарослых птушак на канкрэтнай тэрыторыі, агульнай працягласцю гнездавога сезону і працягласцю жыцця.
Naerhulan Halimubieke, аспірант Цэнтра эвалюцыі універсітэта Bath і першы сааўтар публікацыі, сказаў: "Знойдзенае намі супрацьрэчыць таму, што мы чакаем інтуітыўна – што для “развода” партнёраў трыгерам можа служыць нізкі рэпрадуктыўны поспех пары. Цікава, што вернасць партнёраў моцна адрознівалася нават у розных папуляцыях нават у аднаго віда. Напрыклад, марскія зуйкі (Charadrius alexandrinus) з Еўропы і Кітая з’яўляюцца полігамамі, а вось зуйкі з астравоў Зялёнага мыса (Cape Verde) выключна манагамы. Гэта кажа пра тое, што адносіны ў пары пад час сезону гнездавання не нешта пастаяннае і тое, што вызначаецца не толькі прыналежнасцю птушак да канкрэтнага віду”.
Tamás Székely, прафесар універсітэту Bath, cказаў: "Наша папярэдняя работа паказала, што ў папуляцыях, у якіх доля самцоў большая, самкі кідаюць партнёраў пасля вылуплення птушанят і шукаюць сабе іншага самца для новай спробы гнездавання. З-за таго, што ў многіх зуйкоў птушаняты не патрабуюць вялікіх высілкаў пад час іх дагляду, з гэтым можа паспяхова справіцца і адзін з бацькоў, тады як іншы можа зрабіць другую спробу гнездавання з новым партнёрам. Большая доля самцоў у папуляцыі можа забяспечыць самкам параўнальна вялікі выбар для новай спробы гнездавання, але якія іншыя фактары могуць стаяць за такімі спробамі яшчэ неабходна шукаць.”
Крыніца: Halimubieke N. et al. 2020 Successful breeding predicts divorce in plovers, Scientific Reports. DOI: 10.1038/s41598-020-72521-6
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Малы зуёк на здымку Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Самцы ў рэмезаў лепшыя бацькі, чым самкі?
Стратэгія размнажэння – першым кінуць сваё гняздо
Пасля няўдачы з першым партнёрам, сініцы шукаюць у дадатак да яго іншых
Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця
Разумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак
“Развод” па-лебедзінаму
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ