Знойдзена самае старае гняздо барадача на Іберыйскім паўвостраве, яму каля 30 тысяч гадоў

барадач

На адной з палеалетычных стаянак старажытных людзей у мясцовасці Lagar Velho (Партугалія) між іншага былі знойдзены капраліты (сoprolites) (акамянелы памёт) узростам каля 30 тысяч гадоў, якія, дзякуючы параўнанню з памётам сучасных птушак, адназначна атрымалася вызначыць як прыналежныя барадачам (Gypaetus barbatus). Такім чынам, атрымалася знайсці самае старае, вядомае дагэтуль, месца гнездавання віда на тэрыторыі і сучаснай Партугаліі, і на Іберыйскім паўвостраве.

Даліна, у якой адбываліся археалагічныя раскопкі і месца, у якім былі знойдзена вялікая колькасць капралітаў барадачоў, а таксама рэшткі недаператраўленых птушкамі костак, і зараз магло б быць аптымальным месцам для размяшчэння гнязда. Ежа гэтых падальшчыкаў на 70-80% складаецца з костак памерлых жывёл сярэдняга і вялікага памеру. Гэтая асаблівасць віда адкрывае магчымасць да абмеркавання своеасаблівага ўзаемадзеянне гэтых птушак з першабытнымі людзьмі, якія таксама выкарыстоўвалі гэтую даліну для жыцця і былі збіральнікамі і паляўнічымі.

Мясцовасць Lagar Velho – гэта ўжо чацвёртае месца на поўдні Еўропы, дзе атрымалася даказаць гнездаванне барадача тысячагоддзі таму; папярэднія мясціны гэта Gritulu (на Корсіцы, Францыя), Grotte Noisetier (таксама Францыя), El Mirón (Гішпанія). Яшчэ адно месца -  Caldeirao ў Партугаліі - чакае пацверджання.

"Барадачы – гэта грыфы, якія дагэтуль заставаліся амаль незаўважнымі пад час археалагічных раскопак, хаця яўна жылі ў гарах і пасля сябе застаўлялі рэшткі з неператраўленых костак і капраліты – падобна да старажытных людзей” – сказала Montserrat Sanz, сааўтарка артыкула па выніках даследаванняў і супрацоўніца Prehistoric Studies and Research Seminar (SERP). Параўнальная лёгкасць і дакладнасць вызначэння капралітаў барадачоў, зробленая ў Lagar Velho, адкрывае шырокія перспектывы для даследавання і іншых палеалетычных і больш сучасных стаянак старажытнага чалавека ў Партугаліі.

Каб пацвердзіць відавую прыналежнасць знойдзеных капралітаў да барадачоў, навукоўцы параўналі іх з памётам і костнымі выплюйкамі сучасных птушак, якія ім прадставілі арнітолагі з Monte Perdido National Park, а таксама іх калегі з Foundation for the Conservation of the Bearded Vulture. "Насамрэч, мы змаглі знайсці адрозненні толькі ў колеры памёта сучасных і тагачасных барадачоў, але гэта лёгка растлумачыць для аб’ектаў, якім каля 30 тысяч гадоў. Таму дакладнае вызначэнне відавой прыналежнасці капралітаў не было цяжкім” – сказала Sanz.

У апошнія дзесяцігоддзі ў асноўным дзякуючы некалькім праграмам па рэнітрадукцыі віда на Іберыйскім паўвостраве і ўвогуле на поўдні Еўропы, раней амаль зніклыя тут барадачы сталі павольна аднаўляць сваю колькасць і арэал. Цікава, што адна з маладых птушак, выпушчаная ў рамках аднаго з падобных праектаў у Францыі, у 2016 годзе выпадкова заляцела нават у Беларусь, але від у асноўны Спіс птушак нашай краіны так і не трапіў.

Крыніца: Montserrat Sanz et al, The characterization of bearded vulture (Gypaetus barbatus) coprolites in the archaeological record, Scientific Reports (2023). DOI: 10.1038/s41598-022-25288-x

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.freepik.com

 

 

На гэтую тэму:

У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!

Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!

Чаму барадач хутчэй за ўсё не ўвайдзе ў асноўны Спіс птушак Беларусі

Чаму грыфы не хварэюць, харчуючыся падаллю?

Калі птушкі ведаюць пра межы паміж краінамі