Новае даследаванне, праведзенае камандай гішпанскіх навукоўцаў, нечакана паказала, што як мінімум вялікія віды драпежных птушак (якія харчуюцца пераважна падаллю), дакладна ведаюць дзе праходзіць мяжа паміж Гішпаніяй і Партугаліяй. Гэта тым больш дзіўна, што насамрэч абедзве краіны звязаны геаграфічна рачнымі далінамі і ніякія кліматычныя або тапаграфічныя адрозненні як мінімум уздоўж мяжы не існуюць.
Навукоўцы пазначылі ў Гішпаніі спадарожнікавымі перадатчыкамі агулам 71 чорнага грыфа (Aegypius monachus) і белагаловага сіпа (Gyps fulvus) і глядзелі за іх перамяшчэннямі ў абодвух краінах. Зусім нечакана аказалася, што абодва віды грыфаў вельмі рэдка залятаюць у Партугалію. Прычына гэтага – радыкальныя адрозненні ў санітарнай палітыцы ў гэтых краінах: у Гішпаніі здохлае быдла можна застаўляць на пашах, а ў Партугаліі фермеры абавязаны яго збіраць і знішчаць.
Адрозненні ў санітарных правілах узніклі з-за небяспекі распаўсюджання т.зв. губчатай энцефелапатыі кароў (Bovine Spongiform Encephalopathy (BSE)) – інфекцыйнай хваробы быдла, якая можа быць небяспечнай для чалавека і распаўсюджвацца таксама праз памерлае быдла. У 2001 г., пасля таго, як гэтая хвароба выклікала крызіс у еўрапейскай жывёлагадоўлі, Еўразвяз забараніў пакідаць здохлых кароў і іншае быдла на пашах. Гэтая забарона адмоўна адлюстравалася на ўсіх драпежніках, якія харчуюцца падаллю і, асабліва, на розных відах падальшчыкаў. Аднак пазней, у трох актах (CE 322/2003, CE 830/2005 CE 142/2011) было дазволена застаўляць падаль для драпежных птушак і звяроў з адпаведнымі мерамі перасцярогі. Якімі павінны былі быць гэтыя перасцярогі дакладна не апісвалася, таму кожная краіна ЕЗ магла выкарыстоўваць уласныя санітарныя правілы і абмежаванні.
Такая свабода ў прыняцці рашэнняў, важных для захавання відаў-падальшчыкаў, прывяла да парадаксальна вялікіх адрозненняў паміж Гішпаніяй і Партугаліяй. У Гішпаніі, радзіме 95% усіх еўрапейскіх грыфаў, фермеры могуць застаўляць загінулых кароў адкрыта, сцягваючы іх у кучы там, дзе сустракаюцца грыфы. Гэта не толькі служыць ахове птушак, але і значна эканоміць рэсурсы фермераў і падаткаплацельшчыкаў на ўтылізацыю падалі. У супрацьлегласць гэтаму ў Партугаліі фермеры павінны ўтылізаваць здохлае быдла. Яго можна звозіць у абмежаваныя невялікай колькасцю каля мяжы з Гішпаніяй “сталоўкі для падальшчыкаў”, але для гэтага трэба атрымаць адмысловыя ліцэнзіі і прайсці складаны санітарны кантроль.
Такім чынам, публікацыя выразна паказвае як шмат можа залежыць ад культурных ці санітарных нормаў людзей у распаўсюджанні і колькасці птушак у той самай геаграфічна падобнай мясцовасці.
Крыніца:
Eneko Arrondoa, Marcos Moleóna, Ainara Cortés-Avizandaa, José Jiménezc, Pedro Bejad, José A. Sánchez-Zapataf, José A. Donázar: Invisible barriers: Differential sanitary regulations constrain vulture movements across country borders 10.1016/j.biocon.2017.12.039
Паводле www.rarebirdalert.co.uk (тэкст і мапы) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Чаму грыфы не хварэюць, харчуючыся падаллю?
Афрыканскія грыфы на мяжы знікнення
Шанцы выратаваць азіяцкіх грыфаў ад знікнення моцна павялічыліся
Азіяцкія грыфы зноў пад пагрозай знікнення
Каліфарнійскія кондары працягваюць гінуць
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ