Запрашаем усю зіму назіраць за жыццём птушак і звяроў навакольля Пушчы LIVE

Сёмую зіму запар наш сайт “Птушкі штодня” прапануе ўнікальную для нашай краіны магчымасць – утульна седзячы у цёплай хаце, офісе ці на занятках, глядзець за актыўным зімовым жыццём нашых дзікіх суседзяў у рэжыме LIVE. Спадзяемся, што ўжо традыцыйная змена месца размяшчэння камеры дапаможа ўбачыць і ўжо знаёмых па мінулых стрымах, так і новыя віды птушак і звяроў наваколля Белавежскай пушчы.

Кругласутачны фармат дазволіць назіраць і за дзённай актыўнасцю пераважна птушак, і за начным жыццём пераважна звяроў. Як і ў мінулыя разы, сталоўка для дзікіх жывёл з разнастайным пачастункам знаходзіцца ў ваколіцах невялічкай пушчанскай вёсачкі Вугляны, што на Камянеччыне. Месца, дзе ўсталявана наша камера, ўяўляе невялікую палянку паміж ракой Лясная, яе поймай, і малюсенькай сажалкай. Як раз тут праходзіць пераход каляводных і драпежных звяроў, а чародкі вераб’іных актыўна карыстаюцца зараснікамі трыснягу і хмызняком.

І калі ў мінулыя зімы пад час трансляцыі мы маглі ўдзень назіраць амаль выключна за птушкамі, а ноччу сваёй прысутнасцю ў кадры нас радавалі і бабры, і выдры, і норкі, і лісы, і алені..., то сёлета мы спадзяемся на магчымасць часцей убачыць каля сталоўкі янотападобных сабак, куніц, зайцоў, лісаў, а можа і яшчэ каго, і не раз. Спецыяльная падсветка і вочы звяроў, якія будуць "свяціцца" у адказ, дапамогуць заўважыць іх у цёмны час сутак. Менавіта ў гэтым месцы, па вопыту мінулагодніх трансляцый, ёсць шанец паназіраць за шэрай кугакаўкай і вушатай савой. Яны дастаткова хутка знаходзяць “новы зімовы рэстаран”, бо мышападобныя грызуны – іх патэнцыйная здабыча, робяць гэта амаль адразу. Шмат цікавых момантаў можна будзене толькі ўбачыць, але і пачуць – трансляцыя абсталявана якасным мікрафонам.

А ўвогуле, разлічваем разам з Вамі ўбачыць прыкладна два дзесяткі відаў пярнатых. Ужо ў момант тэхнічнага абсталявання пляцоўкі і выкладкі кармоў, як заўсёды, разнастайнага і багатага меню, на яе прыляцелі вялікія сініцы і сойка. Сапраўдная зіма яшчэ наперадзе, таму і відаў, і птушак, якія “знойдуць” тут ежу і будуць прылятаць пад’есці на сталоўку, будзе больш. Але цікавыя паводзіны і ўзаемаадносіны паміж рознымі відамі можна назіраць ужо зараз.

вызначальнік

Як і любая сур’ёзная справа, забеспячэнне штодзённай бесперапыннай трансляцыі патрабуе адказнай каманднай працы, і мы шчыра ўдзячныя Вадзіму Пракапчуку - арнітолагу, уладальніку сядзібы ў Вуглянах, з якой ладзіцца чарговыя назіранні птушак, і Аляксандру Мінічу – праграмісту і бёрдэру з Брэста, які мае шматгадовы паспяховы освед не толькі з арганізацыі он-лайн трансляцый са сталовак для птушак, але і з гнёздаў сокала-пустальгі.

Важна, што дзякуючы серверу, які ізноў бескаштоўна прадаставіў нам “Элнет”, мы можам глядзець стрым на сэрвісе YouTube. А гэта, у сваю чаргу, дазваляе любому гледачу ‘адматваць’ трансляцыю да 12 гадзін назад і самастойна шукаць цікавыя моманты з яе.

Вашы пытанні, каментары і скрыншоты таго, што адбываецца на сталоўцы, дапамогуць лепш разумець іншым гледачам, што цікавага або незвычайнага Вы назіралі і нам вызначыць від(ы) птушак і звяроў і растлумачыць асаблівасці іх паводзін. Каб мець магчымасць каментаваць падзеі, трэба зарэгістравацца на сайце.

Любы чалавек з Беларусі можа не толькі назіраць за трансляцыяй, але і фінансава дапамагчы нашаму праекту, пералічыўшы любую суму грошай (у разумным памеры) на тэлефон + 375 445 40 26 91 (А1). Гэты нумар забяспечвае мабільны інтэрнет для камеры.

Цікавага прагляду і загадзя дзякуем за дапамогу!

 

Зверху - скрыншот з самкай шуляка-карагольчыка на нашай сёлетняй сталоўцы.