Падрабязнае генетычнае даследаванне каманды навукоўцаў з Фінляндыі Швецыі паказала, што т.зв. шэрая каляровая морфа шэрай кугакаўкі (Strix aluco) можа быць фізіялагічна лепш падрыхтаваная да жыцця ў больш халодным клімаце, чым птушкі рудой морфы.
Шэрая кугакаўка - адзін са звычайных і шырокараспаўсюджаных відаў соваў у лясах і старых парках Еўропы, а таксама частках Заходняй і Цэнтральнай Азіі. Добра вядомыя дзве каляровыя морфы віда, якія выразна адрозніваюцца афарбоўкай з-за рознай колькасці меланіна ў пер’і: цёпла-рыжа-карычневая (‘рудая’), якая часцей сустракаецца ў больш цёплым і вільготным клімаце, і шэрая, часцей распаўсюджаная ў больш халодных рэгіёнах. Аднак зусім нярэдкія выпадкі гнездавання ў пары партнёраў рознай афарбоўкі.
Даследчыкі часткова секвенавалі геномы 370 асобін шэрай кугакаўкі, сярод іх 69 пар і іх патомства з мясцовасці Uusimaa на поўдні Фінляндыі. Мясцовая папуляцыя гняздуе там ў штучных дуплянках і вывучалася ў 2009-21 гг.. Сабраны генетычны матэрыял ад 220 асобін шэрай і 150 рудай морфы дазволіў выявіць адрозненні ў геноме, якія не толькі адказныя за адну з двух каляровых морфаў = афарбоўку апярэння птушак, але і магчымыя адаптацыі соваў да халоднага клімату.
Гены, якія граюць ключавую ролю ў выжыванні птушак у экстрэмальных умовах халоднага надвор’я, а менавіта адказваюць за гомеастаз, назапашванне тлушчу і кантроль расходавання энергіі пад час галадання дазваляюць з 70-100% імавернасцю прадказаць шэрую морфу канкрэтнай кугакаўкі.
Dr Baltazar-Soares з універсітэту Турку (Фінляндыя) і галоўны сааўтар публікацыі па выніках даследавання сказаў, што неабходны далейшыя даследаванні, каб лепш зразумець адрозненні паміж генетыпамі і функцыі асобных генаў і іх комплексаў у соваў розных каляровых морфаў.
Крыніца: Baltazar‐Soares, M et al. 2024. Genomic basis of melanin‐associated phenotypes suggests colour‐specific environmental adaptations in tawny owls, Molecular Ecology. DOI: https://doi.org/10.1111/mec.17247
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак шэрай кугакаўкі рудой морфы яго ж
На гэтую тэму:
Атрыманы адказ на загадку, якой больш за 120 год
Што такое “польская морфа” ў лебедзя-шыпуна?
На нашых вачах адасабляецца брытанскі падвід шэрай кугакаўкі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ