Асаблівасці харчавання вялікіх галубоў з гарадзкой папуляцыі Мадрыда

вялікі голуб

Інтэнсіўная урбанізацыя пагражае глабальнай біяразнастайнасці праз значнае спрашчэнне і знішчэнне прыродных экасістэм, што звычайна прыводзіць да збяднення складу і аднастайнасці прыроднай часткі гарадзкіх біятопаў. Тым не менш існуюць віды, якія значна павялічваюць сваю колькасць і распаўсюджанасць у гарадах у параўнанні з ‘прыроднымі’ папуляцыямі па-за гарадзкімі межамі. Адзін з падобных відаў - вялікі голуб (Columba palumbus), раслінаедны від, раней выключна звязаны з лясамі і сельскагаспадарчымі палеткамі.

Першыя выпадкі гнездавання вялікіх галубоў у гарадах сталі вядомыя з пачатку ХІХ стагоддзя на захадзе і ў цэнтры нашага кантыненту. З таго часу працягвалася каланізацыя відам нашых паселішчаў, у выніку якой вялікія галубы сталі звычайнымі на поўначы Еўропы (у Даніі і Фінляндыі), на ўсходзе (у Літве, Беларусі і Украіне), а таксама на захадзе (у Гішпаніі). Першыя выпадкі гнездавання віда ў Мадрыдзе былі адзначаныя толькі ў апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя, аднак пазней вялікі голуб шырока распаўсюдзіўся і ў іншых гішпанскіх гарадах і паселішчах, дзе дасягнуў значнай шчыльнасці на гнездаванні.

Папярэднія даследаванні ўжо вызначылі склад харчавання віда ў міжземнаморскім рэгіёне. Gutiérrez-Galán et al. паказаў, як ён змяняецца на працягу году ў Паўднёвай Гішпаніі: на працягу зімы ‘найбольш любімай’ ежай былі жалуды розных відаў дубоў з роду Quercus, летам галубы найчасцей елі зерне (cereals), а вясной і ўвосень у ежы дамінавалі плады дрэваў. Аднак наконт харчавання віда ў гарадах інфармацыя пакуль адсутнічала.

Каманда гішпанскіх даследчыкаў з зімы 2021 да вясны 2022 году вывучала склад ежы вялікіх галубоў у Мадрыдзе і змены ў ім на працягу розных сезонаў. У сталіцы Гішпаніі від з’яўляецца звычайным у парках і іншых найменш змененых чалавекам месцах гораду. Доля назіранняў птушак, якія харчаваліся па-за паркамі, значна павялічвалася ўзімку і вясной, а найбольшая колькасць назіранняў галубоў, якія харчуюцца на паверхні зямлі, была летам.

Такім чынам аказалася, што вялікія галубы харчаваліся на 45 відах дрэваў, прычым 60% з іх - экзатычныя (чужародныя) віды. Прычым птушкі выбіралі найбольш пашыраныя ў іх мясцовасці віды дрэваў як у парках, так і ўздоўж вуліц і аўтастрад.

У розныя сезоны віды дрэваў, на якіх пераважна харчаваліся галубы, змяняўся і экзатычныя сярод іх пераважалі ўзімку і вясной. Магчыма, што менавіта параўнальна вялікая разнастайнасць чужародных віды раслін з іншым па часе цыклам размнажэння чым абарыгенныя, дазваляе вялікім галубам паспяхова харчавацца ў горадзе круглы год.

Крыніца: Álvaro Luna, Fernando Pomeda-Gutiérrez and Javier Galán Díaz 2024 Feeding ecology of the common wood pigeon (Columba palumbus) in a major European city, Royal Society Open Science  11: 7 Published:03 July 2024 https://doi.org/10.1098/rsos.231721  

Паводле https://royalsocietypublishing.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

СИНУРБИЗАЦИЯ ВЯХИРЯ В БЕЛАРУСИ

КАНСТАНЦІН ТЫЗЕНГАЎЗ (1786-1853) – ПАТРЫЁТ І ЗАСНАВАЛЬНІК БЕЛАРУСКАЙ АРНІТАЛОГІІ