Як і самцы птушак многіх іншых відаў, залаты і бажан ледзі Амерст (Chrysolophus pictus et C. amherstiae) выкарыстоўваюць яркія элементы свайго апярэння каб заляцацца да самак. Аднак замест неверагоднага надхвосця паўлінаў ці яркага чуба андскіх скалістых пеўнічкаў, у самцоў бажанаў гэтых відаў ёсць спецыяльныя часткі апярэння на галаве, падобныя на парык і на шырокі каўнер вакол шыі.
І хаця гэтыя не вельмі звычайныя ўпрыгожванні дамагаюць ім у канкурэнцыі за ўвагу самак, аднак ‘парыкі’ робяць іх часткова сляпымі - г.зн. значна павялічваюць сляпую зону, у якой птушкі нічога не бачаць. І гэта незвычайнае адкрыццё першае, якое паказала, што падобныя ўпрыгожванні могуць значна пагаршаць зрок самцоў. Вельмі магчыма, што гэтае значнае абмежаванне поля зроку можа павялічваць рызыку быць злоўленым драпежнікам, асабліва калі яны харчуюцца з апушчанай галавой.
Каб ацаніць наколькі ўпрыгожванні самцоў могуць перашкаджаць ім бачыць, Steve Portugal з калегамі-біёлагамі з University of Oxford (Вялікабрытанія), праверылі гэта з дапамогай самцоў бажанаў з прыватных калекцый, якія былі ў поўным шлюбным уборы і параўналі атрыманыя паказчыкі з самкамі тых жа відаў. Дзякуючы офтальмаскопу і накіраванаму под рознымі вугламі святлу, яны змаглі вызначыць тры важных кампаненты поля зроку птушак: монакулярную зону (тое, што птушкі бачаць адным вокам), бінакулярную зону (тое, што бачаць абодвума вачыма) і сляпую зону.
Атрымалася, што пер’е ‘парыка’ самцоў залатога і бажана ледзі Амерст найбольш змяншае іх зону бінакулярнага зроку, асабліва тое, што знаходзіцца над імі, у сярэднім на 41% у параўнанні з самкамі.
Цікава, што калі самцы ліняюць у верасні-кастрычніку, іх поле зроку не адрозніваецца ад самак з-за таго, што яны часова трацяць свае спецыфічнае апярэнне. Акрамя таго, што атрымалася знайсці першы выпадак адрозненняў поля зроку паміж паламі ў птушак аднаго віду, даследчыкі таксама ўпершыню адсачылі як гэты важны паказчык можа змяняцца ў тых самых птушак на працягу году.
Крыніца: Alexandra E. R. Lamond, Simon Potier, Laurent Fontaine, Graham R. Martin, Steven J. Portugal 2025 The visual impediment of cranial ornamentation in male Chrysolophus pheasants. Biol Lett 1 November 2025; 21 (11): 20250405. https://doi.org/10.1098/rsbl.2025.0405
Паводле www.science.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Паўлінам іх доўгія пёры не перашкаджаюць
Бажан Эдвардса вернецца ў прыроду
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ