Невялікія птушкі вялікіх мастакоў

Зімародкі, дропы, малінаўкі, колпіцы, арлы, грыфы, сокалы, удоды, чорнагаловыя шчыгелы і шмат іншых відаў птушак амаль жывуць у музеі Прада ў Мадрыдзе. Іх разнастайныя паводзіны ўвекавечылі на сваіх карцінах самыя вялікія мастакі рознага часу: Brueghel-старэйшы, Rubens, Bosch, Goya, Snyders і Jan Fyt. Гэтую прыгожую, але малавядомую для натуралістаў спадчыну ўзялося вывучыць  і паказаць Свету Гішпанскае орніталагічнае таварыства SEO/BirdLife. Такім чынам, дзякуючы супрацы з музеем на больш чым 7600 карцінах з яго калекцыі атрымалася знайсці выявы больш за 700 птушак 136 відаў!

“Птушкі заўсёды гралі вялікую ролю ў нашых уяўленнях, якая дагэтуль практычна нічым не замененая. Іх невытлумачальныя колеры, іх выдатныя песні і іх свабода палёту прывяла да таго, што яны сталі важнымі і разнастайнымі сымбалямі ў розных рэлігіях і мітах, але таксама і ў штодзённым жыцці людзей.” – пракаментаваў вынікі працы сваіх калег Эдуарда дэ Хуана Аранзана (Eduardo de Juana Aranzana), прэзідэнт SEO/BirdLife.

Дзякуючы вялізнай працы трох экспертаў: Хоакіна Гомеза Кана (Joaquín Gómez Cano) – бёдуотчара і настаўніка, і мастакоў Хуана Варэла і Жырарда Орэлана (Juan Varela і Gerardo Orellana), атрымалася выявіць вялікі талент і назіральнасць у адносінах да адлюстравання птушак многіх мастакоў мінулага. Яны не толькі ў большасці выпадкаў правільна паказалі многія дэталі апярэння або неапераных частак цела розных птушак, але і рэалістычна малявалі іх у палёце.

Яшчэ адным выдатным вынікам гэтай супрацы стала выданне кнігі “Птушкі з музею Прада” (“Las Aves en el Museo del Prado”), выпуск якой акрамя музею дапамагла ажыццявіць кампанія Red Electrica de España. Кнігу ўжо можна купіць.
Яна невялікага фармату: 25 на 29 см, у ёй 236 старонак. Кошт – каля 30 €.

Паводле www.seo.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:

Рэкордны кошт рэкорднай кнігі