Пара клікуноў (Cygnus суgnus), якая засталася на месцы зімоўкі, выгадавала здаровае патомства на адлегласці ў 1800 км ад сваіх звычайных месцаў гнездавання. Даўно вядома, што амаль заўсёды лебедзі ствараюць пары на ўсё жыццё. Аднак Рамэа і Джульета – так назвалі птушак з гэтай пары навукоўцы - здзівілі ўсіх экспертаў.
Пад час пералёту на месцы зімоўкі, самка Julietta (з нашыйным кальцом DF9) была паранена і не змагла вясной здзейсніць пералёт з рэзервату Wildfowl and Wetlands Trust (WWT) у Welney (Вялікабрытанія) на месцы гнездавання ў Ісландыю. Тады яе партнёр Romeo (з кальцом DJ4) застаўся разам з ёй!
Штогод некаторыя з лебедзяў-клікуноў, якія зімуюць у Вялікабрытаніі, не адлятаюць на гнездаванне на поўнач, бо з-за атрыманых пад час пералётаў траўмаў проста не могуць гэта фізічна зрабіць. Часта такія траўмы птушкі атрымліваюць пад час сутыкненняў з лініямі электраперадач. Аднак тое, што здаровая птушка з пары засталася з хворай – выпадак выключны.
Вельмі рэдка здараюцца выпадкі паспяховага гнездавання клікуноў на Брытанскіх астравах, а для рэзервату WWT Welney гэта адбылося ўпершыню. Для графства Нарфолк – гэта першы выпадак з 1928 году.
Лейг Маршал (Leigh Marshall), мэнеджар рэзервату, сказаў: “Мы вельмі любілі назіраць за гэтай парай на працягу ўсяго лета. Гэта была вельмі сумная гісторыя, калі яны былі вымушаныя застацца ў Англіі, а рэшта іх суседзяў адляцела на гнездаванне ў Ісландыю. Аднак калі яны здолелі выгадаваць патомства не гледзячы на шматлікія жыццёвыя перашкоды ў жыццці Джульеты, мы былі проста шчаслівы.
Мы думаем, што Джульета пашкодзіла крылы пад час сутыкнення з правадамі ЛЭП. Лебедзі - завялікія птушкі, каб паспець адвярнуць ад правадоў у апошні момант. Пасля такіх сутыкненняў многія птушкі нават гінуць. Аднак дзякуючы супрацы WWT і кампаній UK Power Networks і National Grid, атрымалася зрабіць частку правадоў добра бачнымі для птушак – на іх начэпленыя рэфлектарная стужка або вялікія пазнакі. Мы вельмі спадзяемся, што гэта зменшыць колкасць сутыкненняў і будзем працягваць гэтую супрацу ў будучыні”.
І Рамэа, і Джульета былі акальцаваныя ў рэзерваце яшчэ ў лістападзе 2007 году. На вялікую радасць наведвальнікам гэтага месца, пара загнездавала на галоўнай лагуне перад абсталяванымі месцамі назірання.
Лебедзі-клікуны ў невялікай колькасці штогод гняздуюць у Беларусі з пачатку 2000-х гадоў, а таксама адзначаны адзінкавыя выпадкі зімоўкі.
Здымак Дзьмітрыя Якубовіча
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Новы партнёр – новае шчасце?
Малыя лебедзі ўжо на зімоўцы. Будзе надзвычай халодная зіма?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Harrier - 11.08.2011 - 22:56
Хто пасьпеў прачытаць першую
Хто пасьпеў прачытаць першую версію - выбачайце. Пераблытаў ангельскія назвы лебедзяў. Дзякуючы пільнасьці Дзяніса К. цяпер усё правільна.