Гэтая вясна была, напэўна, самай шматводнай за апошнія гады.
Вада была высокай не толькі ў рэках, але і каналах, якія разліваліся, або і проста на разлівах у нізнках на палях.
І гэтым забяспечыла шмат птушак не толькі кормам, месцам для адпачынку, але і месцам для нечаканых сустрэч і міні-адкрыццяў і нас- тых, хто за птушкамі назірае.
У сярэдзіне траўня ехалі мы з Сяльца ў Целяханы разам з чэшскімі сябрамі і раптам каля вёскі Няхачава ўбачылі сотні баталёнаў на вялікіх разлівах літаральна пры "нашай" дарозе!
Птушак было многа- як і вады для іх. Напэўна, не менш 1500, а можа і пад 2000 асобін. Многія самцы такавалі перад самкамі, ганялі адзін аднаго ці проста харчаваліся нечым на грывах- узвышэннях, якія зялёнымі косамі выступалі з вады.
І раптам усё змянілася!
Птушкі узняліся ў паветра і апчалі пералятаць з месца на места ў выглядзе шчыльных хмупак рознай формы, раптоўна змяняючы форму зграй і кірунак палёту:
Мы зразумелі, што недзе побач- сокал. Ды не абы-які, а Сокал-падарожнік (Falco peregrinus), бо меншых наўрацці так баяліся б баталёны.
Падобную карціну- арганізаваную паніку кулікоў ў такім маштабе ў выглядзе шчыльнай хмары з птушак я назіраў раней толькі на ўзбярэжжы Паўночнага мора ў Нідэрландах - там розных пясочнікаў таксама атакаваў сокал-падарожнік.
Аднак у гэты раз усё абыйшлося - сокал яўна ўжо паабедаў і не праявіў цікавасці да птушак пад сабой - яго набітае валлё добра выпірала.
І вось тут і пачалося самае цікавае і нечаканае - баталёны сядалі на грывы і непасрэдна .. на воду!
Прычым выглядала гэта, як масавы прылёт вялікіх і рознакаляровых плывунчыкаў, якія вядомыя менавіта такімі паводзінамі!
Плавалі і самцы, і самкі. Ці яны збіралі там паміж расліннасцю жамяру? Ці змянілі стратэгію адпачынку з зямлі на воду?
Гэта засталося невядомым. Але адкрыццё атрымалася- мы ўсе упершыню ў жыцці бачылі падобнае!
Баталёны ... плаваюць!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ