Каляндарная восень паступова набліжаецца да сваёй сярэдзіны і гэта, між іншым, значыць, што хутка будзе зіма. А на зіму варта рабіць запасы ежы, бо хутчэй за ўсё здарыцца так, што доступ да яе пад снегам будзе абмежаваны. Ды і ў халодныя дні, а тым больш ночы, каб проста застацца жывым, спатрэбіцца шмат энергіі. Пра гэта ведаюць розныя віды птушак, якія застаюцца зімаваць побач з намі, у тым ліку і гракі (Corvus frugilegus).
З канца жніўня ў нас штогод пачынаецца сезон грэцкіх арэхаў, якія можна не толькі есці, але і запасаць на больш цяжкія дні. Будзе грак з арэхам у дзюбе яго есці ці хутчэй схавае на будучыню, здаецца можна было б сказаць па тым ці птушка застаецца на месцы знаходкі, ці ляціць некуды з ёй. Аднак з-за таго, што даступных арэхаў звычайна менш, чым ахвотных іх 'знайсці', часам адбываюцца сутычкі і больш моцныя (а можа і больш нахабныя) птушкі могуць адбіраць арэхі ў іх першазнаходцаў. Таму калі канкрэтная птушка з ежай адчувае сябе няўпэўнена ў акружэнні іншых, яна хутчэй адляціць і з'есць змесціва арэха далёка ад канкурэнтаў, чым паспрабуе гэта зрабіць сярод іх. Тым больш арэх не такая простая здабыча, бо яго яшчэ трэба умець адкрыць і выкалупаць са шкарлупінак - з'есці. А на гэта, акрамя ўмення, патрэбны час. Таму займацца гэтай справай надзейней для яе поспеху ў адзіноце)
А вось па тым, куды сядае грак з арэхам у дзюбе, можна амаль беспамылкова сказаць збіраецца ён арэх разбіваць і есці ці прыхаваць. Справа ў тым, што звычайна каб арэх разбіць, патрабуецца цвёрдая паверхня: асфальт ці плітка - на яе і скідваюць арэх столькі разоў, сколькі патрабуецца для таго, каб ён раскрыўся. Іншая, больш рэдкая стратэгія гракоў - спрабаваць раскалоць ці разбіць арэх дзюбай, але і тут цвёрдая паверхня лепшая за мяккую, ды і на зямлі высокая расліннасць для гэтага, вельмі рэдкага выбару для 'кузні', не патрэбная. Таму калі гарк з арэхам сядае ў траву і тым больш высокую, хутчэй за ўсё ён збіраецца яго недзе там і прыхаваць.
Зразумела, што чужыя вочы пад час гэтага наўрацці патрэбныя, але бываюць і выключэнні. З-за вялікай самаўпэўненасці ці глупасці некаторыя птушкі спрабуюць схаваць арэх там, дзе іх зусім побач шукаюць іншыя. Але сумневы ўсё роўна ёсць ) - ці добрае гэта месца, ці лепш схаваць здабычу трошкі далей:
Цікава яшчэ тое, што параўнальна шмат гракоў я бачыў хаваючымі арэхі ўжо зранку. А гэта значыць, што яны ўжо не галодныя і даволі хутка здольныя знайсці сабе ежу ў горадзе. Ну а запасы дадаюць ім упэўненасці, што перазімуюць!
Гродна, верасень і кастрычнік 2022.
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ