Дакументацыйныя здымкі
Я ўжо вяртаўся дахаты, як збоку на беразе рэчкі ў высокую траву з дзьмухаўцамі сеў шпак. Прыкладна тыдзень таму ў многіх шпакоўнях пачалі вылупляцца птушаняты і дарослыя птушкі паўсюль шукаюць для іх ежу.
Але калі я прыглядзеўся да птушкі побач са мной, яна аказалася самцом чорнага дразда (Turdus merula). Ён таксама прыляцеў збіраць ежу для птушанят і рабіў гэта хутка і спраўна. Высокая трава не дазваляла ўбачыць працэс даставання з глебы дажджавых чарвякоў, але іх колькасць у дзюбе пастаянна павялічвалася. Дрозд са здабычай прыгаў на новае месца, клаў чарвякоў побач з сабой, даставаў новых і падбіраў 'старых'. І ўсё раз за разам паўтаралася.
За пяць хвілін самец назбіраў поўную дзюбу і адляцеў. А я ўспомніў самку чорнага дразда - яна на апошнім здымку, якую ўчора назіраў зусім недалёка ад гэтага месца. Яна таксама займалася пошукам ежы, але на ўчастку са скошанай травой і за прыкладна той жа час нічога не знайшла і адляцела пустой)
08 і 09-05-2023, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 10.05.2023 - 17:40
Сабраць столькі корму - не…
Сабраць столькі корму - не лёгкая справа. Апетыт у "дзетак" вельмі добры, і растуць яны даволі хутка!