Дзякуючы таму, што травяністую расліннасць па берагах Нёмана ля самай вады яшчэ не скашваюць, качку-крыжанку (Anas platyrhynchos) з зусім малымі качанятамі я заўважыў толькі калі яны выплылі на вытаптаны рыбакамі бераг. Як і ва ўсякай вялікай сям'і, качаняты паводзілі сябе вельмі па-рознаму. Нехта стараўся не адставаць ад мамы і капіраваў яе паводзіны і ў вадзе, і на беразе, адразу выбегаючы на сушу за ёй. А нехта трымаўся сярэдзіны і быў больш самастойным, бо стараўся адарваць кавалак або надводнай расліны, або падарожніка на беразе без капіравання мамы. Быў сярод качанят і тормаз, які адставаў ад рэшты, займаючыся сваімі справамі і потым даганяў усіх або бягом на беразе, або хутка працуючы лапкамі ў вадзе. Таму я далёка не адразу змог падлічыць, што ўсяго малых пры качцы сем.
Але акрамя іх, амаль побач стаяў качар крыжанкі. І калі сямейства наблізілася да яго, ён нечакана зрабіў выпад у бок малых і калі яны кінуліся ад яго россыпам ў ваду, на яго адразу напала самка і адагнала ад сваіх патомкаў. Качаняты стараліся следаваць за мамай, а яна то выходзіла на бераг, то вярталася ў ваду і ўсё ела і ела, а таксама памалу перасоўвалася ўніз па плыні ракі. Качар таксама адплываў у тым самым кірунку і праз некалькі метраў вылазіў на бераг, але рабіў гэта значна хутчэй за качку з малымі і таму яшчэ двойчы сустракаўся з імі. І што раз праз некалькі секунд нападаў на качанят, заганяючы іх у ваду:
У гэтыя разы качка на яго не рэагавала, а проста сама вярталася ў ваду і ўжо там, калі малыя паступова выцгваліся за ёй ланцужком, адплывала. Пасля трэцяга нападу качар адплыў далёка і больш не пагражаў вялікай сям'і. Але выпрабаванні для качанят яўна толькі пачаліся...
Нёман у Гродна, 20-05-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Lighty - 28.05.2023 - 20:59
А ў сажалцы нашай гарадской…
А ў сажалцы нашай гарадской дык і фіялетавыя тым качарам тыя качаняты, усе разам плаваюць...
(я ўжо другі год не магу зразумець, адкуль там бяруцца качаняты - дзе яны іх выседжваюць??? - але ж і сёлета два вывадкі аднекуль узяліся)