Яшчэ здалёк я ўбачыў тонкі шэры сілуэт у вусці Гараднічанкі і ўжо ведаў, што нарэшце я змагу паназіраць упершыню за гэта лета больш-менш зблізку за рыбалкай шэрай чаплі (Ardea cinerea). Як я і думаў, чапля аказалася маладой птушкай: з двухкаляровай дзюбай і вельмі кароткім чорным чубам-селядцом.
Аднак наступная гадзіна паказала, што маладосць далёка не заўсёды азначае недасведчанасць. Прынамсі так аказалася з гэтай птушкай і ў той дзень.
Хаця перад уданым выпадам, чапля зрабіла на працягу першых 7 хвілін маіх назіранняў за ёй два няўданых, але першая даволі вялікая ўкляя (Alburnus alburnus) у яе дзюбе сведчыла пра тое, што птушка ўмее рыбачыць. Другая ж была злоўлена праз 5 хвілін пасля першай.
Цікава, што ў пачатку наступнага палявання (ці ўсё ж рыбалкі?) чапля старалася выцягнуўшы шыю з максімальна магчымай адлегласці ўбачыць патэнцыйную ахвяру і тады ўжо вельмі павольна набліжалася да яе. А каб не траціць з рыбай 'візуальны кантакт', ці больш дакладна каб бачыць яе і не напалохаць, птушка нахіляла галаву набок, а потым і назад як сціснутая спружына. І калі набліжалася на дастатковую для выпаду адлегласць, 'спружына' выстрэльвала галаву з доўгай дзюбай і ў падзенні хапала здабычу:
Гродна, 26-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Дзякую Віталю Кашчэеву за вызначэнне віда рыбы.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 09.07.2023 - 10:48
Дзюбу выкідвае, як стралу з…
Дзюбу выкідвае, як стралу з лука: вокамгненна і прама ў цэль - "снайпер"! Фатаграфіі атрымаліся цікавыя.