Ну вось і прыйшла такая зіма, якую многія з нас называюць 'сапраўднай': марозы, шмат снегу (і яшчэ і шмат сонца - дадам я). Але як мінімум некаторым птушкам, якія засталіся зімаваць побач з намі, такая зіма - гэта дадатковыя праблемы. Таму што цяпер нават утрыманне сваёй зімовай тэрыторыі - а ў крапіўнікаў (Troglodytes troglodytes) ўвесь бераг ракі з прыбярэжнай расліннасцю быў падзелены яшчэ з восені - не гарантуе, што птушка зможа перажыць марозныя дні і асабліва ночы.
І вось аказалася, што крапіўнікі могуць значна павялічваць свае зімовыя тэрыторыі, прычым двума спосабамі. Пра першы я здагадваўся і ён апісаны і паказаны тут ніжэй, а пра другі будзе гаворка ў другой частцы.
Збоку кожнай параўнальна невялікай зімовай тэрыторыі крапіўніка (шырыня якой каля 15 м, а 'глыбіня' ад вады да заканчэння кустоў вярбы ці трыснягу 10-15 м) свае тэрыторыі трымаюць суседзі. Хутчэй за ўсё хацелася б мець і большую, але яе нашмат цяжэй утрымаць.
Калі ж з аднаго з бакоў няма расліннасці на адлегласць большую, чым некалькі метарў, то пашыраць на яе сваю тэрыторыю не мае сэнсу - там не схавацца і ежы там не знойдзеш, а з боку расліннасці ўсё роўна цябе 'падціскае' сусед. Спераду ж вада, або цяпер спачатку лёд, а за ім - вада. Туды таксама нічога не 'пашырыш'. І таму застаецца адзінае лагічнае выйсце - можна ж пералятаць на неабходную адлегласць для пошуку ежы назад = у бок, супрацьлеглы ўрэзу вады! Перашкодзіць у гэтым можа страх невядомага, але і тое толькі ў першы раз.
І такія вось перамяшчэнні я шмат разоў назіраў гэтай зімой. А самае нечаканае (з-за адлегласці і месца, якое крапіўнік выбраў для пошуку ежы) атрымалася нават зняць - пра яго і здымкі ніжэй. Спачатку птушка выляцела на кусты вярбы ў пачатку льда, потым двойчы сядала на аграду набярэжнай і злятала з яе зноў на схіл. А потым рашылася, пераляцела шырокую дарогу і знікла недзе ў маладых клёнах.
Гродна, 11-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг будзе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ