Пасля працяглага перапынку я зноў сустрэў маладых вялікіх савукоў (Mergus merganser) на Нёмане перад востравам. Хаця яны памерамі ўжо не адрозніваюцца ад дарослых самак, іх маладосць выдае светлая палоска пад вокам (якая знікае ў самак) і значна меншая карычнева-рыжая грыва на патыліцы.
Спачатку дзве птушкі чысціліся і спалі на вялікім валуне, але праз хвілін 5 пасля пачатку маіх назіранняў, да іх спрабавалі далучыцца - залезьці на валун - яшчэ 2 ці 3 маладых савука. Аднак гэта ў іх не атрымалася і адна з гэтых птушак знайшла недалёка іншы валун, які зусім не выступаў над вадой і вылезла на яго. І тут пачалося нечаканае - малады савук прыпадняў пёры ў аснаванні хваста і пачаў старанна рассмароўвываць вадкасць з хвастцовай залозы па пярэдняй частцы цела, а пазней проста чысціцца (гл. здымкі ніжэй).
Яшчэ адзін з савукоў, які апошнім прыплыў пад востраў з-пад таго берагу, пачаў тут рыбачыць. Перад воcтравам ёсць шмат мялізнаў і многія з іх хаваюцца пад вадой. Іх птушка даследавала без нырання - апускала пад воду галаву і нейкі час плыла так, выглядаючы здабычу. Аднак у больш глыбокіх месцах прыходзілася і ныраць, або ўпірацца ў падводную расліннасць каб выгнаць з яе рыбу. На маё здзіўленне, такая рыбалка часта была даволі паспяховай, хаця здабычу цяжка назваць вялікай.
Такім чынам, кожны з савукоў займаўся сваёй справай і знаходзіўся на рознай адлегласці адзін ад аднаго. Я ўжо пачаў сумнявацца - ці сіблінгі гэта (браты і сёстры з аднаго вывадку)? І тут вызначыцца і птушкам, і мне дапамог ... рыбак. Он павольна праплыў па плыні з таго боку вострава на гумовай лодцы і з-за яго ўсе маладыя савукі хутка наблізіліся адзін да аднаго, кінуўшы свае асабістыя справы - небяспека аб'яднала. І яны нават усе разам вылезлі на вялікі валун, на якім хвілін 15 таму адпачывалі толькі двое птушак. А калі рыбака перастала быць бачна, зноў заняліся асабістымі справамі - роля сіблінгаў у іх не праглядалася.
Нёман у Гродна, 03-09-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ