Дакументацыйныя здымкі
Раніца пачалася не вельмі незвычайна - некалькі дзён раней раніцай ужо быў густы туман. Але чым далей мы ад'язжалі ад горада, тым, здавалася, туман станавіўся гусцейшы ( І нават сонца ўжо паднялося, але без ветра нічога ў лепшы бок не змянялася. Тым не менш нашай асноўнай мэтай былі вадаплаўныя і першым прыпынкам мы абралі вялікую сажалку ў мястэчку (ці хутчэй за ім) Квасоўка. Тут стала зусім сумна - з берагу мы бачылі добра, калі першыя 5-6 метраў вады, а далей усё было белым...
Трэба было мяняць планы, але не паспелі мы праехаць назад і сотні метраў, як на бетоннай агароджы зернетоку ўбачылі жаўрука-смецюха (Galerida cristata)! Я ўжо шмат разоў здымаў гэты від у наваколлі і пад час гнездавання, і ўзімку, і таму моцна не здзівіўся. Аднак толькі мы прыпыніліся насупраць і апусцілі шыбы, як пачулі ... спеў! Спачатку адзін кароценькі раз, потым другі - памылкі быць не магло і першая здагадка аказалася правільнай -гэта спяваў жаўрук-смяцюх.
Потым птушка зляцела з агароджы, але недалёка за ёй мы ўбачылі яшчэ дзвюх жаўрукоў на накопаных экскаватарам кучах зямлі. Іх верхняя паверхня была няроўнай і калі птушкі садалі трошкі ніжэй за яе, то яны прападалі цалкам або часам мы бачылі толькі іх галаву. Чубікі ў гэтых жаўрукоў аказаліся кароткімі і гэта значыла, што мы бачым моладзь - у дарослых складзены чуб добра выступае за абрыс галавы.
Хаця кучы зямлі і птушкі былі не так і далёка ад нас, але туман перашкаджаў зрабіць ім добрыя здымкі. І тут нам зноў пашанцавала - паміж намі і зернетокам праехаў грузавік і даволі хутка пасля гэтага дарослы жаўрук зноў прыляцеў на агароджу. І заспяваў!
Увосень, ды яшчэ ў тумане, назіраць за гэтым было незвычайна. Але нас недзе чакалі вадаплаўныя, якіх мы яшчэ не знайшлі. І таму прыйшлося развітацца з жаўрукамі і іх спевам і ехаць далей.
Гродзенскі раён, 27-10-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ