Для многіх нашых відаў птушак, якія харчуюцца амаль выключна насеннем, недахоп кальцыя як для аднаўлення костак шкілета, так - і асабліва - для фармавання шкарлупіння яек і іх змесціва можа быць праблемай. І параўнальна часта адбываюцца назіранні, як такія птушкі - найперш самкі - з'ядаюць кавалкі старой цэглы ці тынкоўкі.
Але для відаў, якія харчуюцца жывёльнай ежай - безхрыбетнымі ці хрыбетнымі не так важна, кальцыя павінна быць дастаткова ў мышцах (і костках) іх ахвяр.
Таму ўчорашні выпадак, калі гарадзкая ластаўка (Delichon urbica) на працягу 5 хвілін некалькі разоў спрабавала і тройчы села на вертыкальную сцену з троху аблупленай і старай тынкоўкай мяне моцна здзівіў.
Сесці на гэтыя вышчарбленыя часам плямы было цяжка, цяжка на іх утрымацца і пэўна не менш цяжка - нешта адарваць там. Адбывалася гэта ўсё вельмі хутка і цяжка сказаць, ці атрымалася нешта з'есці той ластаўцы.
Гродна, 26-05-2021
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ